Міжнародная канферэнцыя "Уключыцца ўсім жыццём у гульню" Міжнародная канферэнцыя "Уключыцца ўсім жыццём у гульню"  

Францішак: спорт ніколі не павінен губляць аматарскі дух

Спорт аб'ядноўвае, робіць жыццё больш дынамічным і дазваляе марыць, напісаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі па спорце і духоўнасці, якія сабраліся ў Рыме 16-18 мая 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мерапрыемства праходзіць пад дэвізам Уключыцца ўсім жыццём у гульню (Mettere la vita in gioco). Яго арганізатары – Дыкастэрыя па справах культуры і адукацыі і Пасольства Францыі пры Апостальскай Сталіцы.

“Апостал Павел не раз параўноўваў духоўнае жыццё з спартыўным спаборніцтвам, у прыватнасці з бегам (пар. 1 Кар 9, 24; 2 Цім 4,7-8), узнагародай за які з'яўляецца сам Езус”, - нагадаў у сваім пасланні Папа, дадаючы, што метафары, звязаныя з спортам, часта выкарыстоўваюцца для апісання дабрадзейнага хрысціянскага жыцця.

Спорт грае ўсё больш важную ролю ў грамадстве, вызначаючы паўсядзённае жыццё многіх людзей. “Гэта спосаб баўлення вольнага часу, які абуджае інтарэсы і магчымасці для сустрэч, аб'ядноўвае, стварае супольнасць, робіць жыццё больш дынамічным і дазваляе марыць, асабліва маладому пакаленню”, - напісаў Францішак.

Папа запэўніў у неабходнасці спартыўнага душпастырства і выхавання сапраўдных спартыўных каштоўнасцяў, пазбаўленых эгаізму і матэрыяльных інтарэсаў. Спорт павінен быць “прывілеяваным месцам сустрэчы людзей і братэрства паміж народамі”.

У гэтым кантэксце канферэнцыя па спорце і духоўнасці прапануе паразважаць пра “спорт па-за межамі спорту", паглыбіць яго этычныя, сацыяльна-культурныя, палітычныя і духоўныя каштоўнасці. “Жадаю найлепшых вынікаў вашай працы і дазволю сабе пакінуць вам адно вельмі блізкае майму сэрцу разважанне: у спорце, на ўсіх узроўнях, ніколі не павінен знікаць аматарскі дух, які ўяўляе сабой яго сутнасць. Гэты стыль цесна звязаны з якасцю духоўнага жыцця тых, хто стварае спартыўнае асяроддзе: кіраўнікоў, трэнераў, тэхнікаў і спартсменаў”, - адзначыў Пантыфік, падкрэсліваючы таксама вялікую адукацыйную адказнасць дарослых за стварэнне здаровага спартыўнага асяроддзя і прадухіленне любой формы нявыхаванасці альбо злоўжывання ў дачыненні да непаўналетніх і неабароненых.

16 мая 2024, 15:45