Пошук

Анёл Панскі: нам патрэбны Касцёл і грамадства, дзе вітаюць усіх

Бог нікога не дыскрымінуе, таму што Ён любіць усіх, - нагадаў Францішак 30 чэрвеня 2024 года ў сваім разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спасылаючыся на два цудоўныя аздараўленні, апісаныя ў Евангеллі XIII Звычайнай нядзелі, якія Езус здзяйсняе праз фізічны кантакт, Папа адзначыў, што “Збаўца дазваляе дакранацца да сябе і сам не баіцца дакранацца. Перш чым аздаравіць фізічна, Ён аспрэчвае пэўную памылковую рэлігійную канцэпцыю, паводле якой Бог аддзяляе чыстых з аднаго боку і нячыстых з другога. Аднак Бог не робіць такога падзелу, таму што ўсе мы Яго дзеці, і нячыстасць паходзіць не ад ежы, хваробы і нават смерці, але выцякае з нячыстага сэрца.

Такім чынам, “перад абліччам пакут цела і духу, душэўных ран, сітуацый, якія нас ахопліваюць, і нават перад абліччам граху Бог не трымае нас на адлегласці, не саромеецца нас, не асуджае нас; наадварот, Ён набліжаецца, каб дакрануцца да нас і прымусіць нас адчуваць сябе лепш, і заўсёды ўваскрашае нас са смерці. Заўсёды бярэ нас за руку, каб сказаць: дачка, сын, уставай!” - заўважыў Святы Айцец.

Такім чынам, Бог “гэта той, хто бярэ цябе за руку і падымае, той, хто дазваляе твайму болю дакрануцца да Яго і дакранаецца да цябе, каб аздаравіць цябе і зноў даць табе жыццё”. “Ён нікога не дыскрымінуе, таму што любіць усіх”, - запэўніў Папа.

Ён задаў пытанні: “Ці верым мы, што Бог такі? Ці дазваляем мы сабе быць кранутымі Панам, Яго словам, Яго любоўю? Ці маем мы зносіны з нашымі братамі і ці дапамагаем ім падняцца, ці, магчыма, трымаемся на адлегласці і дзелім людзей на групы ў залежнасці ад нашых густаў і пераваг?”

Францішак падкрэсліў, што “нам патрэбны Касцёл і грамадства, якія нікога не выключаюць, якія не адносяцца да нікога як да нячыстага, каб кожны са сваёй гісторыяй быў прыняты і любімы без ярлыкоў і прадузятасці”.
 

30 чэрвеня 2024, 13:01

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >