Анёл Панскі: не паддавацца ліхаманцы актыўнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак спаслаўся на словы Езуса з прачытанага фрагмента Евангелля на XVI Звычайную нядзелю (Мк 6, 30-34): “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Ён звярнуў увагу на тое, што Боскі Настаўнік непакоіцца аб стомленасці вучняў і не хоча, каб яны сталі ахвярамі залішняга актывізму. “Сцеражыцеся дыктатуры актыўнасці!” - звярнуўся Францішак да сабраных на плошчы Святога Пятра і мільёнаў гледачоў і слухачоў яго разважання.
Пантыфік адзначыў, што Хрыстус звязвае адпачынак з міласэрнасцю. “Мы можам мець міласэрны позірк, здольны бачыць патрэбы іншых, толькі калі нас не ахоплівае паспешлівасць, калі наша сэрца не з’ядае ліхаманка дзеянняў, калі мы ўмеем спыніцца, каб сустрэцца і выслухаць тых, хто нас акружае”, - падкрэсліў Францішак.
Папа заахвоціў выкарыстоўваць летнія канікулы для запавольвання тэмпу жыцця, сузірання прыроды і дзялення свайго часу з людзьмі, якіх мы любім, заклікаў не занядбоўваць дыялог з Богам. “ Гэта зробіць нас людзьмі неабыякавымі і здольнымі да спагады”, - сказаў Святы Айцец.
На заканчэнне Францішак заклікаў: “Няхай Найсвяцейшая Панна дапамагае нам адпачываць у Духу нават сярод усіх нашых штодзённых спраў і быць адкрытымі і спагадлівымі да іншых”.