Пантыфік: маліцца і працаваць на карысць міру – наш абавязак
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Запрашаючы вернікаў да малітвы Анёл Панскі, Папа звярнуў увагу на “пакліканне” італьянскага горада “аб'ядноўваць розных людзей: перш за ўсё таму, што гэта порт, і важны порт, а потым таму, што ён знаходзіцца на скрыжаванні дарог паміж Італіяй, Цэнтральнай Еўропай і Балканамі”.
У такой сітуацыі, лічыць Пантыфік, “задача касцёльнай і грамадзянскай супольнасцей заключаецца ў тым, каб ведаць, як спалучыць адкрытасць і стабільнасць, гасціннасць і ідэнтычнасць”. “І таму мне хочацца сказаць: у вас ёсць усё неабходнае, каб прыняць гэты выклік! Як хрысціяне, мы маем Евангелле, якое надае нашаму жыццю сэнс і надзею; і як грамадзяне вы маеце Канстытуцыю, надзейны компас на шляху да дэмакратыі”, - адзначыў ён.
“Такім чынам, наперад! Без страху, адкрытыя і цвёрдыя ў чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцях, гасцінныя, але без шкоды для чалавечай годнасці”, - такі запавет жыхарам Трыеста пакінуў Пантыфік.
Францішак нагадаў аб хрысціянскім абавязку “маліцца і працаваць на карысць міру”. Ён папрасіў заступніцтва Маці Божай за народы Украіны, Палесціны і Ізраіля, Судана, М’янмы і за “кожны народ, які пакутуе ад вайны”.