Новы жэст салідарнасці Францішка з Украінай

8 жніўня 2024 года Святы Айцец адправіць ва Украіну новую партыю прадуктаў харчавання, адзення і медыкаментаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Грузавікі з гуманітарным грузам адправяцца ва Украіну ад рымскага касцёла святой Сафіі. Яны даставяць у зоны ваенных дзеянняў прадметы першай неабходнасці, такія як адзенне, лекі і прадукты харчавання, у асноўным кансервы з тунцом.

За адпраўку і размеркаванне гуманітарнай дапамогі адказвае кардынал Конрад Краеўскі, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.

Новы жэст салідарнасці Францішка сведчыць пра яго блізкасць да Украіны, маліцца за якую ён заклікае пры кожнай нагодзе.

07 жніўня 2024, 13:01