Пантыфік моліцца за заўчасна памерлага нунцыя пры Еўрасаюзе
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Спачувальная тэлеграма Папы, скіраваная за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна, была зачытана падчас пахавання дыпламата, якое прайшло 20 верасня 2024 года ў катэдральным касцёле святога Пятра ў ірландскім Белфасце.
“Выказваючы глыбокую ўдзячнасць за адданае і вернае служэнне арцыбіскупа Трэнара Божаму народу ў гэтым мясцовым Касцёле, усяму ірландскаму грамадству, Камісіі біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці, а ў апошні час, Апостальскай Сталіцы, Яго Святасць у еднасці з вамі давярае яго душу поўнай любові міласэрнасці Хрыста – Добрага Пастыра”, - гаворыцца ў папскім пасланні.
Цырымонію развітання з арцыбіскупам Трэнарам узначаліў біскуп Алан МакГакіян, пастыр дыяцэзіі Даўна і Конара, якую спачылы іерарх узначальваў з 2008 па 2022 год. З боку Святога Пасаду на пахаванні прысутнічалі кардынал Артур Рошэ, прэфект Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, і арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.