Анёл Панскі: усё змяняецца, калі ты сапраўды спазнаў Езуса
Марыя Валодзіна - Vatican News
Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім Езус пытаецца ў вучняў: "А вы кім лічыце Мяне?" (Мк 8, 29). Пётр адказвае ад імя ўсіх: "Ты – Хрыстус", гэта значыць Месія. Аднак, калі Езус гаворыць пра пакуты і смерць, якія чакаюць Яго, той жа Пётр пярэчыць, і Езус строга папракае яго: "Адыдзі ад Мяне, сатана, (называе яго сатаной) бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае." (Мк 8, 33).
Папа прапанаваў вернікам спытаць сябе: што насамрэч азначае спазнаць Езуса?
“Сапраўды, з аднаго боку, Пётр, кажучы, што Езус – Хрыстус, адказвае дакладна. Аднак за гэтымі правільнымі словамі ўсё яшчэ стаіць спосаб "чалавечага" мыслення – менталітэт, згодна з якім Месія моцны, Месія непераможны, які не можа пакутаваць ці паміраць. Такім чынам, словы Пятра "правільныя", але яго спосаб мыслення яшчэ не змяніўся. Ён усё яшчэ павінен змяніць свой менталітэт, навярнуцца”, - адзначыў Пантыфік.
“Гэта важна і для нас. Так, мы таксама ведаем пра Бога сёе-тое, ведаем вучэнне, правільна чытаем малітвы і, магчыма, на пытанне "Хто для цябе Езус?" адказваем правільна, выкарыстоўваючы нейкую формулу, якую вывучылі падчас катэхізацыі. Але ці ўпэўненыя мы, што гэта сапраўды азначае ведаць Езуса? Насамрэч, каб спазнаць Пана, недастаткова ведаць пра Яго сёе-тое, трэба ісці за Ім, дазволіць Яго Евангеллю закрануць і змяніць нас. Гаворка ідзе пра адносіны з Ім, пра сустрэчу. Я магу шмат ведаць пра Езуса, але калі я не сустрэў Яго, я так і не ведаю, хто такі Езус. Патрэбная сустрэча, якая змяняе жыццё, змяняе лад жыцця, лад мыслення, адносіны з братамі і сёстрамі, гатоўнасць прымаць і дараваць, жыццёвы выбар. Усё змяняецца, калі ты сапраўды сустрэў Езуса! Змяняецца ўсё,” - нагадаў Папа.
Святы Айцец працытаваў лютэранскага тэолага і пастара Дзітрыха Банхёфера, ахвяру нацызму. У турме ён пісаў, што яго турбуе пытанне: Чым для нас сёння з'яўляецца хрысціянства, і хто такі Хрыстус? “На жаль, многія больш не задаюць сабе гэтага пытання і захоўваюць "спакой", спяць удалечыні ад Бога. Аднак важна спытаць сябе: ці дазваляю я парушаць мой спакой пытанню аб тым, хто для мяне Езус і якое месца Ён займае ў маім жыцці? Няхай Панна Марыя, якая добра ведала Езуса, дапаможа нам адказаць на гэтае пытанне”, - заклікаў Святы Айцец.