Пошук

Анёл Панскі: Папа заклікаў вярнуцца да сутнасці хрысціянства

У нядзелю 3 лістапада 2024 года перад малітвай Анёл Панскі Папа разважаў над евангельскім фрагментам пра найважнейшую запаведзь і тлумачыў, чаму любоў да Бога непадзельная з любоўю да бліжняга.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Гэтае пытанне з'яўляецца істотным таксама для нас, для нашага жыцця і для шляху нашай веры", - падкрэсліў Францішак, звяртаючыся да вернікаў, якія сабраліся на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. Ён нагадаў, што і мы, сучасныя хрысціяне, часта адчуваем сябе разгубленымі сярод мноства спраў і задаёмся пытаннем: што ў рэшце рэшт з'яўляецца самым важным?

На прыкладзе дыялогу Езуса з кніжнікам Пантыфік паказаў, як Збаўца аб'ядноўвае дзве запаведзі, якія раней былі падзеленыя: любоў да Бога і любоў да бліжняга. "Гэта падсумоўвае ўвесь закон і прарокаў, - падкрэсліў Францішак. - Мы маглі б нават сказаць: гэта – сэрца хрысціянскага жыцця!"

“Сэрца – гэта крыніца і корань усіх іншых сіл, перакананняў”

Святы Айцец адзначыў, што ўсе мы маем патрэбу вярнуцца да сэрца жыцця і веры. Ён падкрэсліў, што для вучня Хрыста важныя не знешнія практыкі, такія як ахвярапрынашэнні, а схільнасць сэрца, з якой ён адкрываецца на Бога і братоў у любові. "Мы можам рабіць шмат рэчаў, але рабіць іх толькі для сябе і без любові, з няўважлівым ці закрытым сэрцам", – дадаў ён.

Разважаючы над гэтай тэмай, Папа заклікаў вернікаў штодзённа рабіць рахунак сумлення, задаючы сабе тры асноўныя пытанні: "Ці з'яўляецца любоў да Бога і бліжняга цэнтрам майго жыцця? Ці падштурхоўвае мая малітва да Бога ісці насустрач братам і любіць іх бескарысліва? Ці пазнаю я ў абліччы іншых прысутнасць Пана?"

“Калі Пан прыйдзе, Ён спытае нас перш за ўсё пра любоў”

Пантыфік таксама звярнуў увагу на тое, што калі Пан прыйдзе, Ён спытае нас перш за ўсё пра любоў, якую мы змаглі ахвяраваць, і пра тую, якую не падарылі. Менавіта таму важна замацаваць у сэрцы найважнейшую запаведзь – любіць Пана Бога і бліжняга як самога сябе.

Завяршаючы свае разважанні, Францішак звярнуўся да Найсвяцейшай Панны Марыі, якая насіла закон Божы ў сваім беззаганным сэрцы, з просьбай дапамагчы вернікам любіць Пана і братоў. Ён падкрэсліў, што менавіта Яна з'яўляецца дасканалым прыкладам таго, як любоў да Бога непадзельная з любоўю да бліжняга.
 

03 лістапада 2024, 12:09

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >