Пантыфік: маліцца аб дары міру для краін, параненых вайной
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Папа падзякаваў арганізатарам яго падарожжа ў Люксембруг і Бельгію, а спасылаючыся на Сусветны дзень мігранта і бежанца, звярнуўся да краін Еўропы і ўсёй міжнароднай супольнасці з просьбай бачыць у мігрантах магчымасць узрастаць разам у братэрстве. “Заахвочваю ўсіх бачыць у кожным браце і сястры мігрантах аблічча Езуса, які стаў госцем і пілігрымам сярод нас”, - сцвердзіў Пантыфік.
Святы Айцец выказаў занепакоенасць пашырэннем і інтэнсіфікацыяй канфлікту ў Ліване. “Ліван – гэта пасланне, але цяпер гэта пасланне пра пакуты”, - сцвердзіў Папа, нагадваючы, што “занадта шмат людзей працягваюць гінуць на Блізкім Усходзе”.
Пантыфік заклікаў маліцца за ахвяр і іх сем’і, а таксама за мір. “Я прашу ўсе бакі спыніць агонь у Ліване, у Газе, у іншых частках Палесціны, у Ізраілі, вызваліць заложнікаў і адкрыць доступ для гуманітарнай дапамогі”, - сказаў ён, нагадваючы таксама пра пакуты народа Украіны.
Папа абвясціў, што па вяртанні ў Рым, дасць пачатак працэсу беатыфікацыі бельгійскага караля Бадуэна І. Гэты манарх у 1990 годзе адмовіўся падпісаць закон аб легалізацыі абортаў. Францішак пажадаў, каб прыклад гэтага караля, чалавека веры, быў натхненнем для кіраўнікоў дзяржаў, а потым папрасіў бельгійскі епіскапат падтрымаць гэты працэс.
Пантыфік заклікаў вернікаў разам узнесці на Маці Божай словы малітвы Анёл Панскі. “Гэта малітва, вельмі папулярная ў мінулыя пакаленні, заслугоўвае таго, каб яе адкрылі нанова: яна ўяўляе сабой абагульненне хрысціянскай таямніцы, якую Касцёл вучыць нас ставіць у сярэдзіну нашых штодзённых заняткаў”, - сказаў Папа, асаблівым чынам скіроўваючы свой заклік да моладзі.
Францішак даверыў усіх прысутных апецы Багародзіцы, спаслаўшыся на фігурку, усталяваную побач з алтаром, у якой Маці Божая была прадстаўлена ў вобразе Сталіцы Мудрасці. “Сёння нам вельмі патрэбна мудрасць Евангелля. Давайце будзем часта прасіць аб ёй Святога Духа”, - дадаў ён.
“І праз заступніцтва Марыі будзем прасіць у Бога аб дары міру для змучанай Украіны, для Палесціны і Ізраіля, для Судана, М’янмы і ўсіх краін, параненых вайной”, - заклікаў Святы Айцец.