Пошук

Анёл Панскі: усе мы маем патрэбу ў Божай міласэрнасці

Быць уважлівымі да тых, хто побач, заклікаў Францішак вернікаў падчас малітвы Анёл Панскі, якая 27 кастрычніка 2024 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа паразважаў над евангельскім урыўкам пра аздараўленне сляпога Бартымэя (Мк 10, 46-52). Вулічны натоўп не заўважае яго, бо ён бедны жабрак. Людзі не выказвалі ні клопату, ні спачування. Бартымэй не бачыць, але чуе і пачынае крычаць: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною!” Езус пачуў і ўбачыў яго. Ён прысвяціў сябе яму, спытаўшы: "Што хочаш, каб Я зрабіў табе?"

“Гэтае пытанне, звернутае да сляпога, здаецца правакацыяй, але гэта хутчэй праверка. Езус пытаецца ў Бартымэя, каго ён шукае і чаму. Хто для цябе Сын Давіда? Так Пан пачынае адкрываць вочы сляпому”, - сказаў Францішак, прапаноўваючы разгледзіць тры аспекты гэтай сустрэчы: крык, веру і шлях.

“Перш за ўсё, крык Бартымэя – гэта не проста просьба аб дапамозе, а сцвярджэнне яго існавання. Сляпы кажа: "Я існую, паглядзіце на мяне. Я не бачу, Езус. Ты бачыш мяне?" Так, Езус бачыць жабрака і чуе яго вушамі і сэрцам”, - сказаў Святы Айцец. "Падумаем пра сябе: калі на вуліцы мы сустракаем жабрака, часта адводзім позірк, не заўважаем яго, як быццам яго не існуе... Першае: крык. Але ці чуем мы крык жабракоў?" - спытаў Папа.

“Другі пункт – вера. Што кажа Езус? "Ідзі, вера твая ўратавала цябе". Бартымэй бачыць, таму што верыць. Хрыстус – святло яго вачэй”, - зазначыў Папа.

“Нарэшце, шлях. Аздароўлены Бартымэй "пайшоў за Езусам па дарозе". Кожны з нас - Бартымэй, унутрана сляпы, які ідзе за Езусам. Калі мы набліжаемся да беднага і адчуваем блізкасць, гэта Езус набліжаецца да нас у асобе гэтага беднага. Калі ласка, не блытайце: міласціна - гэта не дабрачыннасць. Той, хто дае яе, атрымлівае больш ласкі ад міласціны, таму што на яго глядзяць вочы Пана.

Францішак заахвоціў усіх “маліцца разам з Марыяй, світанкам Збаўлення, каб яна захоўвала наш шлях у святле Хрыста”.

27 кастрычніка 2024, 12:06

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >