Папа: святыя Банавентура і Тамаш Аквінскі – волаты веравучэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Нагодай для паслання стала адкрыццё ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы выставы Кніга і дух, прымеркаванай да 750-годдзя з дня смерці святых Банавентуры і Тамаша Аквінскага. Яна будзе праходзіць з 25 кастрычніка да 14 снежня 2024 года і дасць магчымасць аматарам гісторыі ўбачыць каштоўныя старажытныя кодэксы, аўтографы і дакументы, звязаныя з жыццём гэтых “волатаў каталіцкага вучэння”.
Сувязь Ватыканскай бібліятэкі з двума святымі
Францішак нагадаў, што сувязь папскай бібліятэкі са святымі Банавентурам і Тамашам Аквінскім, сягае пантыфікату Сікста IV, які ў 1475 годзе адкрыў першыя памяшканні бібліятэкі менавіта з нагоды 200-годдзя з дня іх смерці. Таму невыпадкова, што Даменіка Гірландая, аздабляючы Лацінскую бібліятэку ў Апостальскім палацы, намаляваў гэтых святых разам, пасярод іншых антычных і хрысціянскіх аўтараў.
Светачы падыходу да тэалогіі
Пантыфік адзначыў, што крыху больш за стагоддзе пазней, Сікст V у адным са сваіх дакументаў злучыў Банавентуру і Тамаша з біблійным вобразамі “двух аліўкавых дрэваў і двух падсвечнікаў, якія стаяць перад Панам зямлі”.
У сувязі з гэтым Папа назваў іх “светачамі падыходу да пазнання і асабліва да тэалогіі, у якім інтэлектуальная глыбіня і духоўнае жыццё, навука і мудрасць, пакора і міласэрнасць узаемапранікаюць і сілкуюць адзін аднаго”. Францішак падкрэсліў таксама, што гэтыя Доктары Касцёла мелі здольнасць не затойваць плёны свайго пазнання, а дзяліцца імі з “шчодрым пастырскімі і місіянерскім запалам”.
Каштоўныя спадарожнікі на шляху да Хрыста
Папа адзначыў, што Doctor Communis (Тамаш Аквінскі) і Doctor Seraphicus (Банавентура) - “каштоўныя спадарожнікі для кожнага пілігрыма на шляху да Хрыста – на шляху, які першы апісвае як шлях розуму, асвечанага верай, а другі – як шлях розуму, які ўздымаецца ад сузірання стварэння да Бога”.
“Гэтыя два святыя настаўнікі вучаць нас глядзець на вечнае шчасце як на найвышэйшы плён мудрасці, пазнання і любові, заклікаючы нас стаць пілігрымамі ў веры, каб напоўненае верай сведчанне магло стаць закваскай сапраўднай надзеі ў свеце, полымем, што асвятляе шлях, які нам трэба прайсці”, - напісаў Святы Айцец.
Канферэнцыя аб спадчыне святых
Францішак высока ацаніў таксама ініцыятыву правядзення ў рамках юбілею аднадзённай канферэнцыі, прысвечанай спадчыне святых Банавентуры і Тамаша Аквінскага, у якой запрошаны прыняць удзел усе папскія ўніверсітэты і факультэты Рыма.