Анёл Панскі: святасць – гэта дар Бога і наш свядомы выбар

У дзень урачыстасці Усіх Святых, 1 лістапада 2024 года, Папа падчас сустрэчы на малітве Анёл Панскі разважаў пра Благаславенствы і заклікаў вернікаў ісці шляхам святасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Добры дзень і добрага свята!" - гэтымі словамі Францішак распачаў сваё разважанне на плошчы святога Пятра. Ён адзначыў, што ў гэты дзень Евангелле прадстаўляе нам Благаславенствы, якія з'яўляюцца не проста маральным кодэксам, але сапраўдным "пасведчаннем асобы хрысціяніна і шляхам да святасці".

Шлях любові – гэта шлях самога Хрыста

"Благаславенствы паказваюць нам шлях, шлях любові, які Ён сам прайшоў першым, стаўшы чалавекам, і які для нас з'яўляецца адначасова дарам Бога і нашым адказам", - падкрэсліў Святы Айцец. Ён нагадаў словы святога Паўла пра тое, што менавіта Бог асвячае нас, і таму перш за ўсё да Пана мы звяртаемся з просьбай зрабіць нас святымі, зрабіць нашае сэрца падобным да Яго сэрца.

"З Яго ласкай Ён аздараўляе нас і вызваляе ад усяго, што перашкаджае нам любіць так, як Ён любіць нас", - дадаў Папа, цытуючы словы благаслаўлёнага Карла Акуціса пра тое, што ў нас павінна быць "менш свайго 'я', каб пакінуць месца для Бога".

Святасць – гэта прапанова, а не загад

Пантыфік падкрэсліў, што Нябесны Айцец прапануе нам сваю святасць, але не навязвае яе: "Ён сее яе ў нас, дае нам адчуць яе смак і ўбачыць прыгажосць, але потым чакае і паважае наша 'так'. Ён пакідае нам свабоду кіравацца Яго добрымі натхненнямі, далучацца да Яго планаў, пераймаць Яго пачуцці, ставячы сябе, як Ён нас навучыў, на служэнне іншым".

Святыя нашага часу – сведкі нашай магчымай святасці

Францішак прывёў прыклады святых нашага часу, якія з'яўляюцца сведкамі таго, што шлях святасці магчымы для кожнага. Ён згадаў святога Максімільяна Кольбэ, які ў нямецкім лагеры смерці Аўшвіц аддаў сваё жыццё за бацьку сям'і; святую Маці Тэрэзу з Калькуты, якая цалкам прысвяціла сябе служэнню найбяднейшым; святога біскупа Оскара Рамэра, які быў забіты падчас цэлебрацыі святой Імшы за абарону правоў прыгнечаных.

"У іх, як і ў многіх іншых святых – тых, якіх мы шануем на алтарах, і тых 'з суседняга пад'езда', з якімі жывём кожны дзень, – мы пазнаём братоў і сясцёр, сфарміраваных Благаславенствамі", - сказаў Папа. "Гэта людзі 'поўныя Бога', якія не могуць заставацца абыякавымі да патрэб бліжняга. Яны з'яўляюцца сведкамі светлых шляхоў, магчымых таксама і для нас", - дадаў ён.

Святасць патрабуе нашага актыўнага ўдзелу

На заканчэнне Францішак прапанаваў вернікам задумацца над некалькімі важнымі пытаннямі: "Ці прашу я ў Бога ў малітве дару святога жыцця? Ці дазваляю я сябе весці добрым імпульсам, якія Яго Дух абуджае ў ва мне? І ці ўключаюся я асабіста ў практыкаванне евангельскіх Благаславенстваў у асяроддзі, у якім жыву?"

Малітоўная сустрэча завяршылася зваротам да Марыі, Каралевы ўсіх святых, з просьбай дапамагчы зрабіць з нашага жыцця шлях святасці.
 

01 лістапада 2024, 12:13

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >