Францішак вітае кардынала Мігеля Анхеля Аюса Гішота падчас кансісторыя ў Ватыкане, 5 кастрычніка 2019 года Францішак вітае кардынала Мігеля Анхеля Аюса Гішота падчас кансісторыя ў Ватыкане, 5 кастрычніка 2019 года 

Святы Айцец: кардынал Аюса быў сведкам Божай любові

Папа Францішак адзначыў асаблівыя заслугі памерлага кардынала Аюса Гішота ў служэнні Касцёлу і справе міжрэлігійнага дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец накіраваў тэлеграму генеральнаму вікарыю Місіянераў Камбаніянаў, айцу Давіду Коста Дамінгесу, у якой выказаў глыбокі смутак з нагоды адыходу ў вечнасць кардынала Мігеля Анхеля Аюса Гішота, прэфекта Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.

"У кожнай апостальскай справе ён заўсёды кіраваўся жаданнем сведчыць, з лагоднасцю і мудрасцю, пра Божую любоў да чалавека, працуючы дзеля братэрства паміж народамі і рэлігіямі", - адзначыў Папа.

Францішак з асаблівай удзячнасцю падкрэсліў самаадданае служэнне кардынала "без кампрамісаў" – спачатку як руплівага місіянера ў Егіпце і Судане, потым як кіраўніка Папскага інстытута арабскіх і ісламскіх даследаванняў, і нарэшце ў Рымскай курыі.

Пантыфік згадаў, што кардынал Аюса быў духоўным сынам святога Даніэля Камбоні і з "узорнай адданасцю і душэўнай далікатнасцю" служыў Евангеллю і Касцёлу. Папа падкрэсліў, што 72-гадовы кардынал перанёс "працяглую хваробу з вялікай верай".

У заключэнні тэлеграмы Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве, каб Бог праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі прыняў "гэтага вернага слугу ў нябесным Ерузалеме".

Пасля смерці кардынала Аюса ў Калегіі кардыналаў налічваецца 232 іерархаў, з якіх 120 маюць права ўдзельнічаць у канклаве. Варта адзначыць, што ўжо 7 снежня 2024 года адбудзецца новы кансісторый, падчас якога Францішак уручыць інсігніі 21 новаму кардыналу. Сярод іх 20 будуць мець права ўдзелу ў канклаве, што істотна павялічыць колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў.
 

27 лістапада 2024, 08:55