Анёл Панскі: пераслед хрысціян працягваецца і сёння
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас малітвы Анёл Панскі 26 снежня 2024 года Папа звярнуўся да вернікаў з разважаннем пра святога Стэфана, першага хрысціянскага мучаніка. Пантыфік падкрэсліў, што ён з'яўляецца сведкам Бога, які мае адзінае вялікае жаданне – каб усе людзі былі збаўлены.
"Стэфан – гэта сведка таго Айца – нашага Айца – Які жадае дабра і толькі дабра для кожнага са сваіх дзяцей, і заўсёды; Айца, які нікога не выключае, Айца, які ніколі не стамляецца шукаць іх і прымаць зноў, калі яны, аддаліўшыся, вяртаюцца да Яго з пакаяннем", - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што Бог прабачае заўсёды і прабачае ўсё. Ён заклікаў вернікаў задумацца над пытаннем: "Ці адчуваю я жаданне, каб усе пазналі Бога і ўсе былі збаўлены?"
Папа таксама звярнуў увагу на тое, што і сёння ў розных частках свету шматлікіх людзей пераследуюць, часам да смерці, з прычыны іх веры ў Евангелле. Ён заклікаў маліцца за іх і цікавіцца іх лёсам.
У якасці прыкладу Францішак прывёў благаслаўлёнага Крысціяна дэ Шаржэ, які называў свайго забойцу "сябрам апошняй хвіліны".
На заканчэнне Святы Айцец папрасіў Марыю, Каралеву Мучанікаў, дапамагчы вернікам быць мужнымі сведкамі Евангелля дзеля выратавання свету.