Святы Айцец: “культура адчужэння” – хвароба сучаснага свету
Каб здзейсніць радыкальнае ператварэнне нашых грамадстваў, трэба адмовіцца ад усіх форм насілля, якія сёння шукаюць апраўдання ў “культуры адчужэння” – “эпідэмічнай хваробе сучаснага свету”, заўважыў Францішак. Ён падкрэсліў, што Сусветны сацыяльны форум аб міграцыі з’яўляецца магчымасцю, каб даць голас тым, хто яго не мае: мігрантам, бежанцам, абяздоленым, якіх ігнаруюць, эксплуатуюць, падвяргаюць насіллю і знявазе пры саўдзельным маўчанні многіх.
Паводле Папы, недастаткова проста асуджаць гэту з’яву. Неабходна вылучыць кіруючыя прынцыпы, каб знайсці рашэнне праблем, акрэсліваючы ролі і адказнасць усіх удзельнікаў працэсу. У сферы міграцыі, неабходна выкарыстаць здольнасці і памкненні мігрантаў, бежанцаў і абяздоленых, каб будаваць “інклюзіўныя, справядлівыя і салідарныя грамадствы, здольныя вярнуць годнасць тым, хто жыве з вялікай няўпэўненасцю і не можа марыць пра лепшы свет”, напісаў ён.
Францішак заклікаў міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні для заключэння двух фундаментальных, у кантэксце міграцыйнага крызісу, міжнародных дакументаў: па бяспечнай, упарадкаванай і законнай міграцыі і па правах бежанцаў.
Папа нагадаў, што Секцыя па справах мігрантаў і бежанцаў ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падрыхтавала праграму з дваццаці пунктаў, якія могуць дамагачы адказаць на выклікі, якія сучасны міграцыйны крызіс паставіў перад палітычнай супольнасцю, грамадствам і Касцёлам. Іх можна абагульніць у чатырох словах: прымаць, абараняць, падтрымліваць і інтэграваць, заўважыў Пантыфік.
Для вырашэння міграцыйнай праблемы неабходна супрацоўніцтва, а таксама транспарэнтны, шчыры і канструктыўны дыялог паміж усімі бакамі, напісаў Папа і запэўніў у гатоўнасці Касцёла прымаць удзел у гэтым працэсе.