Кардынал Матэа Дзупі падчас Імшы ў маскоўскай катэдры Кардынал Матэа Дзупі падчас Імшы ў маскоўскай катэдры  (ANSA)

Каталіцкія арганізацыі Італіі салідарныя з папскай мірнай місіяй

Італьянскія каталіцкія арганізацыі, якія налічваюць сотні тысяч чалавек, выказалі падтрымку папскай мірнай ініцыятыве, даручанай кардыналу Матэа Дзупі і накіраванай на адкрыццё шляхоў міру ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адначасова прагучаў агульны заклік да публічнай дыскусіі аб далучэнні Італіі да Дамовы ААН па забароне выкарыстання ядзернай зброі ад 2017 года.

У заяве гаворыцца, што ва ўмовах вайны, “якая адкрывае шлях да выкарыстання ўсё больш і больш смяротнай зброі, бессэнсоўна перашкаджаць усім разумным спробам прадухіліць далейшыя смерці і невымоўныя пакуты”. Падпісанты папярэджваюць аб пагрозе эскалацыі канфлікту. Яны падкрэсліваюць неабходнасць сур'ёзных мірных перамоў з боку дыпламатыі і міжнароднай супольнасці.

Прадстаўнікі каталіцкіх арганізацый згадваюць таксама, як папу Бэнэдыкта XV крытыкавалі, калі падчас Першай сусветнай вайны ён заклікаў да міру і прасіў спыніць забойства насельніцтва.

Каталіцкія арганізацыі высока ацэньваюць дзейнасць Апостальскай Сталіцы. “Мы падтрымліваем малітвай і канкрэтным абавязацельствам мірную місію, даручаную кардыналу Матэа Дзупі”, - гаворыцца ў заяве.

Сярод падпісантаў рухі: Каталіцкая акцыя, Факаляры, Pax Christi, Камунія і вызваленне, а таксама CSI – Італьянскі спартыўны цэнтр, Міжнародны цэнтр імя Элдэра Камары і Focsiv – Федэрацыя хрысціянскіх валанцёрскіх арганізацый.
 

31 ліпеня 2023, 10:39