Кардынал П'етра Паралін з паслом Палесціны Ісой Касісі Кардынал П'етра Паралін з паслом Палесціны Ісой Касісі 

Кардынал Паралін здзейсніў візіт у палесцінскае пасольства

17 кастрычніка 2023 года Дзяржсакратар Яго Святасці Папы наведаў пасольства Палесціны пры Святым Пасадзе. Ён асудзіў тэрарыстычную атаку ХАМАС на Ізраіль і выказаў сур'ёзную занепакоенасць лёсам захопленых закладнікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал П’етра Паралін пацвердзіў, што сітуацыя не спрыяе міру, і запэўніў, што Святы Пасад лічыць Палесцінскую дзяржаву законным прадстаўніком волі палесцінскага народа. Ён выказаў заклапочанасць Святога Пасада гуманітарнай сітуацыяй у Газе.

Два дні таму сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Галахер размаўляў з міністрам замежных спраў Ізраіля Элі Коэнам, які заявіў, што “Ізраіль мае поўнае права абараняцца ад нападаў ХАМАС”. Як гаворыцца ў паведамленні МЗС, кіраўнік ізраільскай дыпламатыі заклікаў Святы Пасад выразна і адназначна асудзіць смяротны тэрарызм, накіраваны супраць грамадзян Ізраіля.

Пасля нядзельнай малітвы Анёл Панскі 15 кастрычніка Францішак прызнаўся, што з вялікім болем назірае за тым, што адбываецца ў Ізраілі і Палесціне. “Я думаю пра многіх, асабліва пра дзяцей і пажылых людзей. Аднаўляю заклік да вызвалення закладнікаў і заклікаю не рабіць ахвярамі канфлікту дзяцей, хворых, старых, жанчын і ўсіх мірных жыхароў”, - звярнуўся ён.

Папа настойліва папрасіў паважаць гуманітарнае права, асабліва ў сектары Газа, дзе “неабходна тэрмінова гарантаваць гуманітарныя калідоры і дапамагчы насельніцтву”. Ён абвясціў 17 кастрычніка 2023 года Днём посту і малітвы за мір у Святой Зямлі.
 

18 кастрычніка 2023, 09:48