У Вялікабрытаніі памерла маленькая Індзі Грэгары
Марыя Валодзіна - Vatican News
Індзі Грэгары памерла ноччу, у 1:45, у англійскім хоспісе. 8-месячная дзяўчынка ад нараджэння пакутавала на цяжкую паталогію, якая лічыцца невылечнай. Суд адмовіў ёй у магчымасці пераводу ў шпіталь Bambino Gesù, нягледзячы на атрыманае 6 лістапада італьянскае грамадзянства.
11 лістапада дзяўчынка была пераведзена з Каралеўскага медыцынскага цэнтра ў Нотынгеме ў хоспіс, дзе медыцынскі персанал адключыў яе ад сістэмы жыццезабеспячэння. Пасля экстубацыі Індзі яшчэ самастойна дыхала.
"Пасля смерці дзіцяці мая жонка Клэр і я адчуваем злосць, гора і сорам”, - сказаў бацька малой Дын Грэгары, дадаючы: "Нацыянальная служба аховы здароўя і суды не толькі пазбавілі яе магчымасці жыць, але і годнасці памерці ў сваім доме. Ім удалося ўзяць цела і годнасць Індзі, але яны ніколі не змогуць узяць яе душу".
Гісторыя Індзі кранула многіх людзей у свеце. Адгукнуўся на яе і Святы Айцец. Як паведаміла 11 лістапада Зала Друку Святога Пасада, “Папа Францішак абдымае сям'ю маленькай Індзі Грэгары, яе тату і маму, моліцца за іх і за яе і звяртаецца ў сваіх думках да ўсіх дзяцей, якія ў гэтыя гадзіны ва ўсім свеце адчуваюць боль або рызыкуюць жыццём з-за хваробы і вайны”.