FILE PHOTO: Illustration shows AI (Artificial Intelligence) letters and robot hand miniature

Далёкаўсходнія рэлігіі далучыліся да Рымскага этычнага закліку

Рэлігійныя лідары, якія прадстаўляюць традыцыі Далёкага Усходу, далучыліся да падпісантаў Рымскага закліку да этыкі штучнага інтэлекту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дакумент быў сфармуляваны ў студзені 2023 года. Тады яго падпісалі прадстаўнікі так званых аўраамічных рэлігій: юдаізму, хрысціянства і ісламу. Зараз неабходнасць усталявання этыкі алгарытмаў прызналі і прадстаўнікі такіх рэлігійных традыцый, як будызм, індуізм, зараастрызм і бахаізм.

Яны далучыліся да гэтага звароту падчас міжрэлігійнай сустрэчы, якая праходзіла 9-10 ліпеня 2024 года ў японскай Хірасіме. Яна была арганізавана Папскай акадэміяй жыцця, японскім аддзяленнем арганізацыі Рэлігіі за мір (Religie for Peace Japan), Форумам міру ў Абу-Дабі і Камісіяй па міжрэлігійных адносінах Галоўнага рабінату Ізраіля. На мерапрыемстве прысутнічалі высокія прадстаўнікі ўрада Японіі і трох тэхналагічных гігантаў: Microsoft, IBM і Cisco.

Рэлігійныя лідары, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы, выступілі з новым Хірасімскім зваротам. Яны нагадалі аб неабходнасці выкарыстання штучнага інтэлекту выключна на карысць чалавецтва і планеты і заклікалі міжнародную супольнасць вырашыць усе спрэчкі мірнымі сродкамі і неадкладна спыніць усе ўзброеныя канфлікты.
 

11 ліпеня 2024, 10:56