OLY-PARIS-2024-RELIGION

Holy Games у Парыжы: поспех каталіцкай ініцыятывы на Алімпіядзе

Падчас Алімпійскіх гульняў у Парыжы мела месца ўнікальная ініцыятыва пад назвай Holy Games (Святыя Гульні), рэалізаваная Каталіцкім Касцёлам. Яна прыцягнула вялікую ўвагу і атрымала станоўчыя водгукі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўнай пляцоўкай падзеі стала базіліка Сен-Дэні, размешчаная непадалёк ад алімпійскіх аб'ектаў. Больш за 2 тысячы маладых католікаў з усёй Францыі распрацавалі разнастайную праграму, якая ўключала канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы, паломніцтвы і катэхізацыю.

Рэктар базілікі, ксёндз Жан-Крыстоф Эльбек, адзначыў, што колькасць наведвальнікаў павялічылася ўтрая ў параўнанні з звычайным летнім перыядам. Многія мясцовыя жыхары ўпершыню наведалі базіліку, прыцягнутыя атмасферай адкрытасці і добразычлівасці.

Такога роду мерапрыемствы праходзілі і ў іншых месцах Парыжа, напрыклад, у касцёле Сен-Сюльпіс, дзе салезіяне арганізавалі заняткі для мясцовых сем'яў.

Арганізатары падкрэсліваюць, што набыты вопыт варта выкарыстоўваць у штодзённай душпастырскай працы, бо адкрытасць Касцёла прыводзіць да павышэння цікавасці да веры і хрысціянства.

Святыя Гульні працягнуцца і падчас Паралімпіяды, якая пройдзе ў Парыжы з 28 жніўня па 8 верасня 2024 года.
 

13 жніўня 2024, 10:02