Пошук

Катэдра Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Нагасакі Катэдра Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Нагасакі  (©leodaphne - stock.adobe.com)

Нагасакі: гісторыя адраджэння праз веру і любоў

Па слядах прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру японскаму руху супраць ядзернай зброі Nihon Hidankyo, італьянская Avvenire нагадала пра страшныя наступствы ўжывання атамных бомб у Хірасіме і Нагасакі.

Марыя Валодзіна, Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сярод многіх трагічных гісторый асабліва вылучаецца лёс Такасі Паола Нагаі, урача-радыёлага, вучонага і католіка, які стаў сімвалам надзеі і духоўнага адраджэння ў разбураным Нагасакі.

Ён выжыў пры атамнай бамбардзіроўцы Нагасакі 9 жніўня 1945 года. Вярнуўшыся дадому, ён знайшоў толькі абгарэлы ружанец сваёй жонкі Мідоры. Нягледзячы на ўласныя раны, адразу пачаў дапамагаць ахвярам.

Нагаі стаў лідарам руху за мір і адбудову горада. Ён падкрэсліваў важнасць не толькі фізічнага, але і духоўнага адраджэння. Хворы на лейкоз, ён правёў апошнія гады жыцця, пішучы кнігі і натхняючы людзей.

Такасі Нагаі выкарыстаў грошы ад літаратурнай прэміі, каб пасадзіць тысячу вішнёвых дрэў вакол руін касцёла ў Нагасакі. Гэты жэст сімвалізаваў яго веру ў адраджэнне і прыгажосць нават пасля страшэннага разбурэння.

Імператар Хірахіта асабіста наведаў Нагаі, прызнаючы яго ўклад у адраджэнне надзеі ў японскім грамадстве. Калі Такасі памёр у 1951 годзе, яго пахаванне сабрала 20 тысяч чалавек, а званы касцёлаў і будыйскіх храмаў гучалі разам, аддаючы даніну павагі вялікаму міратворцу.

Спадчына вучонага і католіка застаецца актуальнай і сёння. Яго вера ў тое, што сапраўдная перамога над злом магчымая толькі праз змяненне сэрцаў людзей, працягвае натхняць.

У 2021 годзе Каталіцкі Касцёл пачаў працэс беатыфікацыі Такасі Нагаі і яго жонкі Мідоры, прызнаючы іх духоўны подзвіг.

25 кастрычніка 2024, 16:14