1570349863310.jpg

Адгартацыя „Querida Amazonía” – цэлебрацыя Сінода завершана

Апостальская адгартацыя „Querida Amazonía” азнаменавала афіцыйнае закрыццё сінадальнага працэсу, які пачаўся 15 кастрычніка 2017 г., калі Папа абвясціў аб скліканні спецыяльнай Асамблеі.

На гэта звярнуў увагу Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Ларэнца Балдзісэры, каментуючы публікацыю новага дакумента папы Францішка.

Ён адзначыў, што працэс доўжыўся два гады, на працягу якіх Генеральны сакратарыят разам з Паслясінадальнай радай правялі вялікую падрыхтоўчую працу. Каштоўную дапамогу таксама аказала Панамазонская касцёльная сетка. Сам Сінод адбыўся ў Ватыкане 6-27 кастрычніка 2019 г.

Ватыканскі іерарх адзначыў, што Выніковы дакумент сходу быў прыняты пераважнай большасцю галасоў, пасля чаго быў адпраўлены Святому Айцу, які загадаў неадкладна апублікаваць яго. “Калі Выніковы дакумент Сінода быў перададзены Францішку, завяршылася фаса цэлебрацыі падзеі”, - заўважыў кардынал Балдзісэры. Ён нагадаў, што падчас Асамблеі Пантыфік часта і актыўна ўключаўся ў дыскусіі, чым зрабіў вялікі ўклад у працэс.

Напісаная на іспанскай мове Апостальская адгартацыя “Querida Amazonia” (Дарагая Амазонія) складаецца з пралога, чатырох частак і эпілога. Дакумент падводзіць вынікі працяглай працы ўдзельнікаў Сінода па Амазоніі, засяроджанага на касцёльных і душпастырскіх праблемах Панамазонскага рэгіёну, што аб’ядноўвае дзевяць дзяржаў Паўднёвай Амерыкі.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў Сінода знаходзілася, між іншым, пытанне аб евангелізацыйнай місіі Касцёла ў Амазоніі, дзе адной з найбольш сур’ёзных праблем з’яўляецца востры недахоп святароў. У Выніковы дакумент была ўнесена прапанова аб пасвячэнні годных і пабожных пастаянных дыяканаў, якія маюць сям’ю.

Францішак наогул не згадвае пра так званых viri probati. У чацвёртай частцы, азагалоўленай “Касцёльная мара”, Папа піша пра неабходнасць таго, каб дыяканы, якіх у Амазоніі павінна быць значна больш, сёстры законныя і вернікі бралі на сябе сур’ёзную адказнасць за рост каталіцкіх супольнасцей. Акрамя таго, Пантыфік прапануе мясцовым біскупам узмацніць місіянерскую дзейнасць, накіроўваючы ў аддаленыя раёны да прадстаўнікоў карэнных народаў Амазоніі святароў для абвяшчэння Евангелля.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 лютага 2020, 13:22