Новы кіраўнік ватыканскай сферы аховы здароўя пра яе перспектывы
Італьянскі медык, які супрацоўнічае з ватыканскім медыцынскім сектарам з 1999 г., заняў пасаду 1 жніўня 2020 г.
У 2005 г. менавіта Андрэа Арканджэлі ў якасці рэаніматолага быў уключаны ў склад каманды, якая ажыццяўляла лячэнне св. Яна Паўла II у апошнія месяцы яго жыцця, а на пачатку 2020 г., калі пачалася пандэмія каронавіруса, быў прызначаны спецыяльным камісарам, адказным за меры супрацьстаяння надзвычайнай сітуацыі ў межах Дзяржавы Ватыкан.
Праца ажыццяўляецца тэрапеўтычнай і спецыялізаванай амбулаторыямі, цэнтрамі, якія выконваюць рэнтгеналагічныя і ультрагукавыя даследаванні, а таксама лабараторыяй клінічных аналізаў. Акрамя таго, Упраўленне нясе адказнасць за медыцынскае суправаджэнне ўсіх масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца на плошчы св. Пятра, у тым ліку, з удзелам Пантыфіка.
У калектыў структуры, на чале якога стаў спадар Арканджэлі, уваходзяць санітары, біёлагі, радыёлагі і лабаранты – усяго 33 спецыялісты. Акрамя таго, з Упраўленнем супрацоўнічаюць каля 90 урачоў – тэрапеўтаў і спецыялістаў вузкіх напрамкаў.
Спецыялісты Упраўленне аказваюць першую медыцынскую дапамогу маленькім пацыентам, якіх дастаўляюць у Ватыкан на верталёце. Па словах прафесара Арканджэлі, толькі за мінулы год было каля 100 такіх выпадкаў.
“Палітыка Упраўлення скіравана на тое, каб наймаць урачоў, якія працуюць яшчэ і па-за нашай установай. Гэта дазваляе нам мець прафесіяналаў з кансалідаваным вопытам, што дапамагае падтрымліваць высокі якасны ўзровень паслуг. Такім чынам, усе медыкі Ватыкана ажыццяўляюць знешнюю дзейнасць і дзеляцца ёю з намі. Многія працуюць у шпіталях, многія – у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнай службы, а ў вольныя гадзіны аказваюць паслугі ў нас”, - падзяліўся спадар Арканджэлі.
Па яго словах, у чарговы раз супрацоўнікі Упраўлення праявілі прафесіяналізм, адказваючы на пандэмію каронавіруса: структура аператыўна і згуртавана адрэагавала на сітуацыю і прыняла ўсе меры, каб звесці да мінімуму рызыку заражэння і распаўсюджванне віруса. Прафесар Арканджэлі перакананы, што яна добра падрыхтавана і да магчымай другой хвалі пандэміі каронавіруса, бо ўзбагаціліся веды пра захворванне і выяўлены найбольш эфектыўныя метады лячэння.