Кардынал Грэк пазнаёміў з парадкам працы Сінода ў бліжэйшыя дні
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Іерарх паведаміў, што 23 кастрычніка раніцай удзельнікі асамблеі збяруцца на святой Імшы ў базіліцы святога Пятра. Затым, на генеральнай кангрэгацыі ў Зале Паўла VI пройдзе прэзентацыя і абмеркаванне – спачатку ў малых групах, а потым супольна – Ліста да народа Божага, які было вырашана скіраваць на завяршэнне першай сесіі форума. Пасля дыскусій адбудзецца галасаванне па гэтым дакуменце.
У другой палове дня ў панядзелак у працы асамблеі наступіць перапынак. Удзельнікі сходу збяруцца разам 25 кастрычніка. Ім будзе прадстаўлены і ўручаны чарнавы варыянт Падагульняючага дакумента. Прэзентацыю правядзе Генеральны рэлятар Сінода, кардынал Жан-Клод Олерыш. Затым – падчас генеральнай кангрэгацыі і працы ў малых групах – адбудзецца абмеркаванне гэтага тэксту для ўнясення ў яго магчымых правак.
У другой палове дня 26 кастрычніка ўдзельнікі асамблеі збяруцца на генеральнай кангрэгацыі для збору прапаноў адносна метадаў і этапаў працы ў перыяд паміж першай і другой сесіямі XVI Звычайнай генеральнай асамблеяй Сінода Біскупаў. 27 кастрычніка яны будуць мець вольны дзень, у сувязі з чым запрошаны прыняць удзел у малітве за мір, якую Францішак узначаліць увечары ў базіліцы святога Пятра.