Кардынал Марыё Грэк (справа) Кардынал Марыё Грэк (справа)  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Грэк пазнаёміў з парадкам працы Сінода ў бліжэйшыя дні

Першая сесія XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў набліжаецца да завяршэння. Пра парадак працы форума ў бліжэйшыя дні паінфармаваў 19 кастрычніка 2023 года кардынал Марыё Грэк, Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Іерарх паведаміў, што 23 кастрычніка раніцай удзельнікі асамблеі збяруцца на святой Імшы ў базіліцы святога Пятра. Затым, на генеральнай кангрэгацыі ў Зале Паўла VI пройдзе прэзентацыя і абмеркаванне – спачатку ў малых групах, а потым супольна – Ліста да народа Божага, які было вырашана скіраваць на завяршэнне першай сесіі форума. Пасля дыскусій адбудзецца галасаванне па гэтым дакуменце.

У другой палове дня ў панядзелак у працы асамблеі наступіць перапынак. Удзельнікі сходу збяруцца разам 25 кастрычніка. Ім будзе прадстаўлены і ўручаны чарнавы варыянт Падагульняючага дакумента. Прэзентацыю правядзе Генеральны рэлятар Сінода, кардынал Жан-Клод Олерыш. Затым – падчас генеральнай кангрэгацыі і працы ў малых групах – адбудзецца абмеркаванне гэтага тэксту для ўнясення ў яго магчымых правак.

У другой палове дня 26 кастрычніка ўдзельнікі асамблеі збяруцца на генеральнай кангрэгацыі для збору прапаноў адносна метадаў і этапаў працы ў перыяд паміж першай і другой сесіямі XVI Звычайнай генеральнай асамблеяй Сінода Біскупаў. 27 кастрычніка яны будуць мець вольны дзень, у сувязі з чым запрошаны прыняць удзел у малітве за мір, якую Францішак узначаліць увечары ў базіліцы святога Пятра.

 

20 кастрычніка 2023, 08:30