Хрост дзіцяці ў Сікстынскай капэле Хрост дзіцяці ў Сікстынскай капэле  (ANSA) Калонка рэдактара

Ласка хросту, традыцыя і клерыкальныя звычаі

Разважанне галоўнага рэдактара ватыканскіх СМІ пра адказы Дыкастэрыі Веравучэння адносна ўдзелу ў сакрамэнтах хросту і сужэнства транссексуальных і гомасексуальных асоб.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

 

У сваёй аўтарскай калонцы Андрэа Тарніелі нагадаў два выказванні Айцоў Касцёла. Святы Кіпрыян, біскуп Карфагена, закатаваны ў 258 годзе, казаў падчас Сінода афрыканскіх біскупаў аб тым, што “нельга адмаўляць у міласці і ласцы Божай ніводнаму чалавеку, які прыходзіць у гэты свет”. Святы Аўгусцін пісаў аб тым, што “дзеці атрымліваюць духоўную ласку не столькі ад тых, хто носіць іх на руках”, колькі ад усёй супольнасці святых і вернікаў, усяго Касцёла.

На думку Тарніелі, гэтыя словы лепш за ўсё вызначаюць нядаўнія адказы на пытанні бразільскага біскупа Жазэ Нэгры аб хросце. Дакумент, падпісаны кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, і ўхвалены Францішкам, дэманструе відавочную сугучнасць вучэнню Папы. Святы Айцец неаднойчы казаў, што дзверы Касцёла не павінны быць замкнуты ні перад кім, што Касцёл ніколі не павінен ператварацца ў мытню, а вітаць і суправаджаць усіх на іх пакручастых жыццёвых шляхах.

Адказы Дыкастэрыі Веравучэння выклікалі крытыку з боку тых, хто баіцца, што хрост дзяцей аднаполых пар маральна ўзаконіць так званыя аднаполыя шлюбы і сурагатнае мацярынства. Цікава, што дакумент спасылаецца на папярэднія адказы Дыкастэрыі па гэтым пытанні. Інструкцыя, ухваленая ў кастрычніку 1980 года святым Янам Паўлам II, адказвае на шэраг пярэчанняў супраць хросту немаўлятаў, пацвярджаючы важнасць "спрадвечнай практыкі" апостальскага паходжання, ад якой не варта адмаўляцца.

Дакумент 1980 года ўскосна адказаў тым, хто сёння адмаўляе ў хросце дзецям
аднаполых пар, заявіўшы, што “практыка хросту дзяцей сапраўды евангельская”, паколькі яна мае каштоўнасць сведчання Божай любові да нас: “Не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас" (1 Ян 4, 10).

Інструкцыя, ухваленая Папам Янам Паўлам II сорак тры гады таму, улічвала магчымасць змянення сацыяльнага кантэксту. На пытанне, як паступаць у выпадках, калі па хрост дзіцяці звяртаюцца бацькі, якія мала вераць і практыкуюць веру толькі зрэдку, ці нават бацькі-нехрысціяне, дакумент 1980 года адзначае, што хрост павінен здзяйсняцца, калі ёсць абгрунтаваная надзея на тое, што дзіця атрымае хрысціянскае выхаванне. На практыцы гэта азначае, што для таго, каб не зачыняць дзверы Касцёла, дастаткова аднаго сваяка, які прыкладае намаганні дзеля хрысціянскага выхавання дзіцяці.

Ватыканскі журналіст пытаецца: хіба сёння не варта больш уважліва прыгледзецца да старонак Евангелля, з якіх Езус паўстае як той, хто першым любіць, першым даруе, першым праяўляе міласэрнасць, і менавіта ў гэтых абдымках навяртаюцца сэрцы людзей? І зноў жа, у чым віна дзяцей? Якім бы чынам яны ні прыйшлі ў свет, яны застаюцца любімымі стварэннямі Божымі. Ці не лепш тады засяродзіцца на пазітыўным баку, а менавіта на тым факце, што людзі просяць аб хросце ў кантэксце постхрысціянскага свету, дзе гэта адбываецца ўсё радзей і радзей?

Прыемна перачытваць словы Яна Паўла I адносна Луізы Браўн – "дзіцяці з прабіркі", якое нарадзілася ў 1978 годзе. Ён асудзіў рызыку ўзнікнення "дзіцячых фабрык", адарваных ад сямейнага кантэксту, і патлумачыў, што "толькі часткова" падзяляе энтузіязм з нагоды эксперыменту. Але, у рэшце рэшт, ён выказаў свае найлепшыя пажаданні дзіцяці, сказаўшы, што не мае права асуджаць бацькоў: калі яны дзейнічалі з добрым намерам і добрасумленна, то могуць нават мець вялікія заслугі перад Богам, - напісаў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

11 лістапада 2023, 11:51