Ватыкан: сустрэча прадстаўнікоў курыі і епіскапату Германіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У сумесным камюніке Святога Пасаду і нямецкага епіскапату паведамляецца, што сустрэча адбылася ў станоўчай і канструктыўнай атмасферы. Былі абмеркаваны некаторыя адкрытыя тэалагічныя пытанні, закранутыя ў дакументах Сінадальнага шляху Касцёла ў Германіі. Гэта дазволіла вызначыць адметнасці і супадзенні ў поглядах, згодна з метадам, прынятым у Выніковай падагульняючай справаздачы Сінода Паўсюднага Касцёла ў кастрычніку 2023 года. Быў узгоднены рэгулярны абмен меркаваннямі паміж прадстаўнікамі Канферэнцыі біскупаў Германіі і Святым Пасадам адносна далейшай працы Сінадальнага шляху і Сінадальнага камітэта.
Нямецкія біскупы патлумачылі, што гэта праца будзе накіравана на вызначэнне канкрэтных спосабаў ажыццяўлення сінадальнасці ў Касцёле ў Германіі, у адпаведнасці з эклезіялогіяй Другога Ватыканскага Сабора, палажэннямі Кананічнага права і плёнамі Сінода Паўсюднага Касцёла, прадстаўляючы іх затым на зацвярджэнне Святому Пасаду. Бакі дамовіліся, што наступная сустрэча адбудзецца перад летам 2024 года.
З боку Рымскай курыі на сустрэчы прысутнічалі кардыналы Віктар Фернандэс, Курт Кох, П’етра Паралін, Роберт Прэвост і Артур Рошэ, а таксама арцыбіскуп Філіпа Янонэ. З боку нямецкага епіскапату слова ўзялі біскупы Георг Бэтцынг, Стэфан Акерман, Міхаэль Гербер, Пэтэр Кольграф, Бертрам Майер, Франц-Ёзэф Овербэк, адпаведна старшыня епіскапату і старшыні камісій па справах літургіі, пакліканняў і касцёльных паслуг, душпастырства, Паўсюднага Касцёла і веры. Прысутнічалі таксама генеральны сакратар Беатэ Гілес і прэс-сакратар Маціяс Коп.