Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін у касцёле святога Юзафа ў Бейруце Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін у касцёле святога Юзафа ў Бейруце

Кардынал Паралін: аднавіць інстытуцыйную стабільнасць Лівана

Пра неабходнасць правядзення прэзідэнцкіх выбараў для забеспячэння стабільнасці ў краіне, казаў падчас свайго візіту ў Ліван кардынал П'етра Паралін.

Марыя Валодзіна – Vatican News

24 чэрвеня 2024 года ён узначаліў Імшу з нагоды ўрачыстасці Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, нябеснага апекуна Мальтыйскага ордэна. Набажэнства, якое было прымеркавана да 40-годдзя заснавання мясцовай асацыяцыі рыцараў Мальтыйскага ордэна, прайшло ў касцёле святога Юзафа ў Бейруце.

У гаміліі кардынал Паралін падкрэсліў важнасць дапамогі тым, хто жыве ў нястачы, нагадаўшы, што святы Ян Хрысціцель заклікаў дзяліцца вопраткай і ежай з тымі, у каго іх няма. Ён таксама ўзгадаў аб тым, што Мальтыйскі ордэн бярэ свой пачатак ад гаспітальераў шпіталя святога Яна ў Ерусаліме, місіяй якіх была падтрымка пілігрымаў і сведчанне Евангелля.

Іерарх адзначыў, што служэнне Мальтыйскага ордэна носіць не толькі гуманітарны, але і глыбока рэлігійны характар, бо караніцца ў веры ў Хрыста. Ён заклікаў членаў ордэна абараняць веру і з яшчэ большай шчодрасцю задавальняць патрэбы беднага насельніцтва Лівана.

Касцёл Лівана павінен таксама сведчыць пра "суіснаванне", якое з'яўляецца характэрнай рысай краіны кедраў. “Мы павінны быць сведкамі на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях, не баючыся несці Евангелле ў грамадскае жыццё", - сказаў Дзяржсакратар.

Дыпламат казаў пра тэрміновую неабходнасць абрання прэзідэнта Лівана для дасягнення стабільнасці ў краіне. Гэта мае вялікае значэнне ў такі цяжкі для Блізкага Усходу час. "Ад імя Святога Айца, з упэўненасцю і надзеяй, я аднаўляю гэты зварот да ўсіх адказных асоб, каб прэзідэнцкія выбары маглі адбыцца хутка і краіна магла аднавіць тую інстытуцыйную стабільнасць, якая так неабходна для сур'ёзнага вырашэння бягучых праблем", - сказаў кардынал Паралін.

Напрыканцы гаміліі Дзяржсакратар нагадаў словы святога Яна Паўла II аб тым, што пакліканне Лівана – “быць святлом для народаў рэгіёну і знакам міру, які ідзе ад Бога". Ён пажадаў, каб Евангелле "стала крыніцай моцы, радасці і надзеі для ўсіх людзей, якія жывуць на гэтай зямлі".

26 чэрвеня 2024, 10:50