Кардынал Паралін: аднавіць інстытуцыйную стабільнасць Лівана
Марыя Валодзіна – Vatican News
24 чэрвеня 2024 года ён узначаліў Імшу з нагоды ўрачыстасці Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, нябеснага апекуна Мальтыйскага ордэна. Набажэнства, якое было прымеркавана да 40-годдзя заснавання мясцовай асацыяцыі рыцараў Мальтыйскага ордэна, прайшло ў касцёле святога Юзафа ў Бейруце.
У гаміліі кардынал Паралін падкрэсліў важнасць дапамогі тым, хто жыве ў нястачы, нагадаўшы, што святы Ян Хрысціцель заклікаў дзяліцца вопраткай і ежай з тымі, у каго іх няма. Ён таксама ўзгадаў аб тым, што Мальтыйскі ордэн бярэ свой пачатак ад гаспітальераў шпіталя святога Яна ў Ерусаліме, місіяй якіх была падтрымка пілігрымаў і сведчанне Евангелля.
Іерарх адзначыў, што служэнне Мальтыйскага ордэна носіць не толькі гуманітарны, але і глыбока рэлігійны характар, бо караніцца ў веры ў Хрыста. Ён заклікаў членаў ордэна абараняць веру і з яшчэ большай шчодрасцю задавальняць патрэбы беднага насельніцтва Лівана.
Касцёл Лівана павінен таксама сведчыць пра "суіснаванне", якое з'яўляецца характэрнай рысай краіны кедраў. “Мы павінны быць сведкамі на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях, не баючыся несці Евангелле ў грамадскае жыццё", - сказаў Дзяржсакратар.
Дыпламат казаў пра тэрміновую неабходнасць абрання прэзідэнта Лівана для дасягнення стабільнасці ў краіне. Гэта мае вялікае значэнне ў такі цяжкі для Блізкага Усходу час. "Ад імя Святога Айца, з упэўненасцю і надзеяй, я аднаўляю гэты зварот да ўсіх адказных асоб, каб прэзідэнцкія выбары маглі адбыцца хутка і краіна магла аднавіць тую інстытуцыйную стабільнасць, якая так неабходна для сур'ёзнага вырашэння бягучых праблем", - сказаў кардынал Паралін.
Напрыканцы гаміліі Дзяржсакратар нагадаў словы святога Яна Паўла II аб тым, што пакліканне Лівана – “быць святлом для народаў рэгіёну і знакам міру, які ідзе ад Бога". Ён пажадаў, каб Евангелле "стала крыніцай моцы, радасці і надзеі для ўсіх людзей, якія жывуць на гэтай зямлі".