Ватыканская бібліятэка заключыць пагадненне з Бахрэйнам
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пагадненне стане значным крокам у паглыбленні культурнага і навуковага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. Гэты крок працягне шлях, адзначаны Дакументам аб чалавечым братэрстве, энцыклікай Fratelli tutti і апостальскім падарожжам Францішка ў Бахрэйн у 2022 годзе.
З боку Бахрэйна ў цырымоніі падпісання пагаднення прыме ўдзел Міністр па сувязях з грамадскасцю Маджэд бін Алі Аль-Нуаімі. Святы Пасад прадставіць арцыбіскуп Анджэла Вінчэнца Дзані, Архіварыўс і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла.
Мемарандум прадугледжвае супрацоўніцтва ў рэстаўрацыі, каталагізацыі і захаванні арабскіх рукапісаў, якія захоўваюцца ў фондах Ватыканскай бібліятэкі. Таксама плануецца рэалізаваць сумесныя праекты, накіраваныя на папулярызацыю і распаўсюджванне гэтай каштоўнай культурнай і навуковай спадчыны. У 2025 годзе плануецца рэстаўрыраваць і алічбаваць 15 рукапісаў.
Па словах прэфекта Апостальскай бібліятэкі ксяндза Маўра Мантавані, партнёрства стала “вынікам вельмі плённага і інтэнсіўнага дыялогу” паміж двума бакамі пры падтрымцы арганізацыі Сябры Ватыканскай бібліятэкі (Les Amis de la Bibliothèque Vaticane).
Міжнародны форум Бібліятэкі ў дыялогу
Падпісанне Мемарандума адбудзецца ў рамках міжнароднай сустрэчы Conservata et Perlecta Aliis Tradere. Бібліятэкі ў дыялогу, якая 14-16 лістапада 2024 года праходзіць у Ватыкане. На канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі вядучых бібліятэк свету. Яны абмяркоўваюць шляхі захавання і распаўсюджвання сусветнай культурнай спадчыны, якая захоўваецца ў бібліятэках розных краін.