Агульная аўдыенцыя: братэрства – адказ на вайну
“Божы Провід пажадаў, каб гэта адбылося цяпер, як знак надзеі пасля гадоў вайны і тэрарызму і падчас суровай пандэміі”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік прызнаўся, што паездка напоўніла яго душу ўдзячнасцю Богу і ўсім тым, хто зрабіў яе магчымай. Увесь час, сказаў Папа, ён “адчуваў моцнае пакаяннае значэнне гэтай пілігрымкі.
“Я не мог наблізіцца да гэтага мучаніцкага народа, да гэтага мучаніцкага Касцёла, не ўзяўшы на сябе ад імя Каталіцкага Касцёла крыж, які яны нясуць на працягу гадоў”, - патлумачыў Святы Айцец.
У той жа час, працягнуў ён, вакол можна было бачыць “радасць ад прыняцця таго, хто абвяшчае Хрыста”. “Я бачыў надзею на адкрыццё гарызонту міру і братэрства, заключанаму ў словах Езуса, якія сталі дэвізам візіту: “Усе вы – браты” (Мц 23, 8)”, - зазначыў Папа.
Ён дадаў, што “іракскі народ мае права жыць мірна” і “аднавіць годнасць, якая яму належыць”. “Яго рэлігійныя і культурныя карані – тысячагадовыя”, аднак ім пагражае вайна. “Вайна заўсёды з’яўляецца той пачварай, якая, відазмяняючыся на працягу стагоддзяў, трансфармуецца і працягвае знішчаць чалавецтва”, - сцвердзіў Пантыфік.
Адказам на вайну, перакананы Папа, павінна быць братэрства: гэта заданне не толькі для Ірака, але для многіх рэгіёнаў, дзе трываюць канфлікты”; у рэшце рэшт, гэта заданне для ўсяго свету”.
Таму, сказаў Францішак, падчас яго пілігрымкі хрысціяне і мусульмане, а таксама прадстаўнікі іншых веравызнанняў, разам маліліся ў горадзе Ур, “дзе каля чатырох тысяч гадоў таму Абрагам быў пакліканы Богам”.
Пасланне братэрства гучала і падчас сустрэчы з духавенствам і вернікамі Ірака ў катэдральным саборы Багдада, у якім падчас св. Імшы ў 2010 г. былі забітыя 48 чалавек.
З тым жа пасланнем братэрства, прызнаўся Святы Айцец, ён наведваў гарады Масул і Каракош, што на рацэ Тыгр, паблізу ад руін старажытнай Нінівы. Акупацыя гэтай мясцовасці членамі тэрарыстычнай групоўкі Ісламская дзяржава выклікала масавае бежанства і “разбурыла старажытную ідэнтычнасць гэтых гарадоў”.
“Думаючы пра шматлікіх іракскіх эмігрантаў, я хацеў бы ім сказаць: вы пакінулі ўсё, як Абрагам; як і ён, вы захоўваеце веру і надзею і з’яўляецеся ткачамі сяброўства і братэрства там, дзе прабываеце”, - сказаў Францішак.
Нарэшце, пасланне братэрства гучала падчас дзвюх Эўхарыстычных цэлебрацый – у Багдадзе і Эрбіле. “Надзея Абрагама і яго патомства ўвасобілася ў таямніцы, якую мы цэлебравалі, у Езусе, Сыне, якога Бог не пашкадаваў, але ахвяраваў дзеля збаўлення кожнага чалавека”, - падкрэсліў Папа.
Францішак заклікаў да малітвы за Ірак і ўвесь Блізкі Усход.
“У Іраку, нягледзячы на грукат разбурэнняў і зброі, працягваюць расці і даваць плён пальмы – сімвал краіны і яго надзеі. Тое ж адбываецца і з братэрствам: яно не робіць шуму, аднак прыносіць плён і дазваляе нам узрастаць. Няхай Бог адорыць Ірак, Блізкі Усход і ўвесь свет будучыняй братэрства”, - пажадаў Святы Айцец.