Папа падчас св. Імшы ў Пальмовую нядзелю Папа падчас св. Імшы ў Пальмовую нядзелю 

Францішак: здзівіцца любові Езуса, які трыумфуе на крыжы

Калі губляем здольнасць здзіўляцца, тады не адчуваем цуду Божай ласкі, смаку Хлеба жыцця і Божага слова, не разумеем прыгажосці братоў і дару стварэння, - заўважыў Пантыфік.

У Пальмовую нядзелю 28 сакавіка 2021 г. Францішак узначаліў св. Імшу пры Алтары Кафедры ў ватыканскай базыліцы св. Пятра. У сувязі з пандэміяй яна прайшла пры абмежаванай колькасці вернікаў і з захаваннем мер эпідэмічнай бяспекі.

У гаміліі Папа заўважыў, што літургія Пальмовай нядзелі кожны год выклікае здзіўленне: мы пераходзім ад радасці прыняцця Езуса, які ўваходзіць у Ерузалем, да болю, калі бачым Яго, асуджанага на смерць і ўкрыжаванага. “Гэта ўнутраны стан, які будзе суправаджаць нас на працягу ўсяго Вялікага тыдня. Увойдзем жа ў гэта здзіўленне”, - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў пра здзіўленне, якое выклікаў Езус. Народ чакаў на Пасху магутнага вызваліцеля, які пераможа рымлянаў сілай мяча, а Езус споўніў Пасху ахвярай свайго жыцця. Таму людзі змянілі воклічы праслаўлення на крык “укрыжуй”.

Праблема ў тым, што яны ішлі за вобразам Месіі, а не за Месіяй. Захапляліся Езусам, але не былі гатовы здзівіцца Ім, бо здзіўленне азначае адкрытасць на іншага чалавека і тое новае, што ён можа прынесці.

“Таксама і сёння многія захапляюцца Езусам: Ён добра казаў, любіў і прабачаў, Яго прыклад змяніў гісторыю… Гэтыя людзі захапляюцца Хрыстом, але іх жыццё не змяняецца, бо захапляцца недастаткова. Трэба ісці Яго шляхам, дазволіць, каб Ён прымусіў нас паглядзець на сябе: перайсці ад захаплення да здзіўлення”, - дадаў Пантыфік.

Паводле Папы, найбольш здзіўляе той факт, што Езус дасягнуў хвалы шляхам прыніжэння. Ён трыумфуе, прымаючы пакуты і смерць, робіць гэта дзеля нас, каб не пакідаць нас у самоце ў моманты нашых пакут і смерці.

“І цяпер мы ведаем, што не адзінокія: Бог з намі ў кожнай ране, у кожным страху: ніводнае зло, ніводны грэх не мае апошняга слова. Бог перамагае, але шлях да пальмовай галінкі ляжыць праз дрэва крыжа. Таму пальмы і крыж стаяць разам”, - дадаў Пантыфік.

Папа заклікаў вернікаў маліцца аб ласцы здзіўлення, без якой хрысціянскае жыццё становіцца шэрым, а вера – глухой: “больш не адчувае цуду Божай ласкі, больш не адчувае смаку Хлеба жыцця і Божага слова, больш не разумее прыгажосці братоў і дару стварэння”.

Францішак заўважыў, што ва Укрыжаваным мы бачым Усемагутнага Бога, які быў прыніжаны і адкінуты. “Дзякуючы ласцы здзіўлення мы можам зразумець, што прымаючы тых, хто адкінуты, набліжаючы да сябе тых, хто быў прыніжаны жыццём, мы любім самаго Езуса: бо Ён прысутны ў іх, у апошніх, у адкінутых”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на прыклад евангельскага сотніка, які з’яўляецца “самай цудоўнай іконай здзіўлення”. Гэты чалавек убачыў, як паміраў Езус. Ён бачыў, што нават будучы змучаным, Хрыстус працягваў любіць, здолеў напоўніць любоўю нават смерць. У гэтай бескарыслівай і нечуванай любові, сотнік, язычнік, знайшоў Бога, а яго словы: “Сапраўды, Чалавек гэты быў Сынам Божым” (Мк 15,39) сталі пячаткай мукі Пана.

“Многія да яго ў Евангеллі, захапляючыся Езусам за Яго цуды, прызнавалі Яго Божым Сынам, але Езус забараняў ім казаць пра гэта, бо існавала рызыка спынення на мірскім захапленні, на ідэі пра Бога, якому трэба пакланяцца і якога трэба баяцца за Яго магутнасць і жудаснасць. Цяпер жа гэта не так, пад крыжам не магчыма больш памыліцца: Бог паказаў сябе і валадарыць выключна бяззбройнай сілай любові, якая абяззбройвае”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

28 сакавіка 2021, 11:35

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >