Агульная аўдыенцыя: Касцёл – дом і школа малітвы
Францішак падкрэсліў, што Касцёл – гэта вялікая школа малітвы. Ён нагадаў, што многія людзі навучыліся першым словам малітваў яшчэ ў маленстве, дзякуючы сваім бацькам, бабулям і дзядулям.
“Магчыма, мы захоўваем у памяці ўспаміны пра тое, як маці і тата вучылі нас маліцца перад сном. Гэтыя хвіліны цішыні з’яўляюцца таксама момантам, калі бацькі могуць пачуць ад дзяцей пэўныя шчырыя прызнанні, а таксама даць ім параду, натхнёную Евангеллем. Затым, на шляху ўзрастання, адбываюцца іншыя сустрэчы, з іншымі сведкамі і настаўнікамі малітвы. Карысна памятаць пра іх”, - сказаў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што жыццё парафіі і кожнай хрысціянскай супольнасці пазначана літургічнымі перыядамі і супольнай малітвай. “Тут мы пачынаем разумець, што гэты дар, атрыманы простым чынам у дзяцінстве, з’яўляецца вялікай і вельмі каштоўнай спадчынай, і што малітоўны досвед заслугоўвае няспыннага паглыблення”, - заўважыў Францішак, падкрэсліўшы, што гэтаму таксама спрыяюць крызісы і “ўваскрасенні” з іх.
“Подыхам веры з’яўляецца малітва: мы ўзрастаем у веры настолькі, наколькі вучымся маліцца. Пасля пэўных жыццёвых этапаў мы заўважаем, што без веры не змаглі б іх пераадолець, і што нашай сілай была малітва. Не толькі асабістая, але і малітва братоў і сясцёр, малітва супольнасці, якая нас суправаджала і падтрымлівала...”, - адзначыў Пантыфік.
“Яны з’яўляюцца жыццядайнымі клеткамі не толькі для касцёльнай тканкі, але і для ўсяго грамадства. Падумаем, напрыклад, пра тое, якую ролю адыграла манаства ў нараджэнні і развіцці еўрапейскай цывілізацыі, а таксама іншых культур. Малітва і праца ў супольнасці дапамагае рухаць свет наперад. Гэта рухавік!”, - падкрэсліў Пантыфік.
Папа заўважыў, што ў Касцёле ўсё нараджаецца падчас малітвы і развіваецца дзякуючы ёй, а калі д’ябал хоча зрабіць шкоду Касцёлу, ён у першую чаргу намагаецца “высушыць яго крыніцы, перашкаджаючы яму маліцца”. Францішак падкрэсліў, што і касцёльныя рэформы немагчыма здзейсніць без малітвы.
“Жыццё святых не лягчэйшае за жыццё іншых, таксама і яны маюць праблемы для вырашэння, акрамя таго, яны часта з’яўляюцца аб’ектамі супраціву. Але іх сіла – гэта малітва, якую яны заўсёды чэрпаюць з бяздоннай “студні” Маці Касцёла. Малітвай яны жывяць полымя сваёй веры, на падабенства алею ў светачах. І так яны крочаць наперад па шляху веры і надзеі. Святыя, якія ў вачах свету часта з’яўляюцца нязначнымі, на самой справе з’яўляюцца тымі, хто яго падтрымлівае, не зброяй грошаў, улады ці сродкаў камунікацыі, а зброяй малітвы”, - падкрэсліў Францішак.
Спасылаючыся на пытанне Езуса: “Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?” (Лк 18,8), Пантыфік нагадаў, што яно было змешчана напрыканцы прыпавесці, у якой гаворыцца пра важнасць нястомнай малітвы. “Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што светач веры будзе палаць на зямлі да таго часу, пакуль будзе хапаць алею малітвы”, - сцвердзіў ён.
Важным заданнем Касцёла з’яўляецца малітва і навучанне малітве, перадача з пакалення ў пакаленне светачу веры з алеем малітвы. Без святла гэтага светача мы не зможам знайсці шлях евангелізацыі, добрага ўзрастання; не зможам убачыць абліччы нашых братоў, да якіх павінны наблізіцца і якім павінны служыць; не зможам асвятліць пакой, у якім сустракаемся ў супольнасці. Без веры ўсё рухне, а без малітвы вера пагасне. Таму Касцёл, будучы домам і школай адзінства, з’яўляецца домам і школай малітвы”, - падсумаваў сваю катэхезу Святы Айцец.