Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
РУЖАНЕЦ НА ЛАЦІНСКАЙ МОВЕ
Расклад Падкасты
Пустыя крэслы на Плошчы Святога Пятра Пустыя крэслы на Плошчы Святога Пятра  (vincenzo livieri)

Святы Айцец: дазволім Божай міласэрнасці знайсці нас

Не губляць надзеі, нават калі адчуваем сябе адрынутымі ці няздольнымі змяніцца, - заклікаў Папа ў катэхезе, прысвечанай евангельскай постаці Закхея. Пантыфік падрыхтаваў яе да агульнай аўдыенцыі, якую не змог правесці па стане здароўя.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

2 красавіка 2025 года тэкст апублікавала Зала Друку Святога Пасаду. У ім Францішак заўважыў, што Евангелле святога Лукі паказвае Закхея як чалавека незваротна згубленага, стан якога знаёмы кожнаму. “Магчыма, і мы часам адчуваем сябе такімі: без надзеі. Закхей, аднак, адкрывае для сябе тое, што Пан шукае яго”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў, што сустрэча Езуса з Закхеем адбылася ў горадзе Ерыхон, які знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора і можа разглядацца як вобраз адхлані, куды Хрыстус адпраўляецца шукаць згубленых. “На самай справе Уваскрослы Пан працягвае сыходзіць у сучасныя адхлані: у месцы вайны, у пакуты нявінных, у сэрцы маці, якія бачаць гібель сваіх дзяцей, у голад бедных”, - напісаў Святы Айцец.

Па словах Папы, евангеліст Лука аднёс Закхея да адных з такіх згубленых людзей, падкрэсліўшы, што ён быў не проста мытнікам, які збіраў падаткі са сваіх суграмадзян на карысць рымскіх захопнікаў, але кіраўніком мытнікаў – быццам кажучы, што ягоны грэх яшчэ большы. Лука таксама падкрэслівае, што Закхей быў заможным, даючы зразумець, што ён абагаціўся за кошт іншых, злоўжываючы пасадай. І ўсё гэта мела наступствы: верагодна, Закхей адчуваў сябе адрынутым і пагарджаным усімі.

Калі Закхей даведаўся, што Езус праходзіць праз горад, то захацеў убачыць Яго. Ён не асмельваўся думаць пра сустрэчу, яму было дастаткова паглядзець на Хрыста здалёк, але, будучы малога росту, не мог бачыць Яго з-за натоўпу. Тады ён, з адвагай і без сораму, з дзіцячай прастатой і не турбуючыся пра свой выгляд, як хлапчук, залез на дрэва, адкуль было зручна назіраць, застаючыся непрыкметным за лісцем.

Езус жа заўважыў яго, папрасіў злезці з дрэва і сказаў, што хоча спыніцца ў яго доме. “Бог не можа прайсці міма, не шукаючы таго, хто згублены”, - падкрэсліў Францішак, адзначаючы, што сэрца Закхея тады напоўнілася радасцю.

“Гэта была радасць чалавека, які адчуў, што яго ўбачылі, прызналі, а перадусім – прабачылі. Позірк Езуса – гэта не позірк папроку, а міласэрнасці. Гэта міласэрнасць, якую нам часам бывае складана прыняць, асабліва калі Бог прабачае тых, каго мы лічым не вартымі гэтага. Мы наракаем, бо хочам абмежаваць Божую любоў”, - напісаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што калі Закхей прыняў Езуса ў сваім доме і пачуў ад Яго словы прабачэння, ён устаў, быццам уваскрос са свайго смяротнага стану, і ўзяў на сябе абавязацельства аддаць у чатыры разы больш, чым скраў. Пантыфік падкрэсліў, што гэта не быў кошт прабачэння, бо Бог прабачае бескарысліва, але жаданне наследаваць таго, чыю любоў ён адчуў.

Францішак адзначыў, што Закхей быў не толькі чалавекам жадання, але і дзеяння. Яго намеры не былі агульнымі і абстрактнымі, а былі часткай яго гісторыі: ён паглядзеў на сваё жыццё і вызначыў, з чаго пачаць перамену. “Дарагія браты і сёстры, давайце навучымся ў Закхея не губляць надзеі, нават калі адчуваем сябе адрынутымі ці няздольнымі змяніцца. Давайце ўзрошчваць у сабе жаданне бачыць Езуса, а асабліва – дазволім міласэрнасці Бога знайсці нас, бо Ён заўсёды выходзіць шукаць нас, незалежна ад сітуацыі, у якой мы згубіліся”, - заклікаў Папа.
 

02 красавіка 2025, 11:33

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031