Францішак: пазбавіцца ад усяго, што перашкаджае ісці за Езусам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак падрыхтаваў разважанне аб сустрэчы Езуса з безыменным багатым чалавекам, які з юнацтва захоўваў запаведзі, аднак, не знайшоўшы сэнсу жыцця, прыйшоў да Хрыста і спытаў: “Настаўнік добры, што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?”. Езус заклікаў яго прадаць усё, што мае, раздаць убогім і ісці за Ім, але ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо меў вялікую маёмасць (Мк 10,17-22).
“Сапраўды, незалежна ад нашых учынкаў, ахвяр ці поспехаў, для шчасця па-сапраўднаму важна тое, што маем у сэрцы. Калі карабель павінен адплыць і пакінуць порт – нават калі гэта цудоўны карабель з выдатнай камандай – ён павінен скінуць баласт і падняць якар. Без гэтага ён не зможа вырушыць. Гэты чалавек збудаваў люксавы карабель, але застаўся ў порце”, - напісаў Святы Айцец.
Па словах Папы, пастаноўка пытання багатым чалавекам сведчыць пра тое, што ён не ведаў “лексікі бескарыслівасці”. Яму здавалася, што ўсё трэба заслужыць: “вечнае жыццё было для яго спадчынай, нечым, што атрымліваецца па праве, дзякуючы дасканаламу выкананню абавязацельстваў”, але ў такім падыходзе, на думку Францішка, не застаецца месца для любові.
Святы Айцец падкрэсліў, што Езус з любоўю паглядзеў на багатага юнака і заклікаў ісці за Ім. “Любоў Езуса бескарыслівая, яна цалкам супрацьлеглая логіцы заслуг, якая не давала спакою гэтаму чалавеку. Мы па-сапраўднаму шчаслівыя, калі разумеем, што нас любяць бескарысліва і гэта датычыць таксама і адносін паміж намі: пакуль будзем спрабаваць купіць любоў ці выпрошваць яе, гэтая адносіны ніколі не зробяць нас шчаслівымі”, - патлумачыў Пантыфік, нагадаўшы, што Езус прапанаваў гэтаму чалавеку змяніць лад жыцця і адносін з Богам, пазбавіўшыся ад усяго, што абцяжарвае сэрца, каб зрабіць яго больш свабодным.
Францішак зазначыў таксама, што Езус заклікаў маладога багача не заставацца ў адзіноце, а ісці за Ім, жыць адносінамі. “Толькі так можна будзе выйсці з безыменнасці. Мы можам пачуць наша імя толькі ў адносінах, у якіх нехта кліча нас. Калі будзем заставацца самі, не пачуем як нехта называе наша імя і застанемся безыменнымі. Магчыма сёння, менавіта таму што жывём у кантэксце культуры самадастатковасці і індывідуалізма, мы адчуваем сябе больш няшчаснымі, бо больш не чуем, як нехта прамаўляе наша імя і любіць нас бескарысліва”, - напісаў Папа.
Евангельскі багаты чалавек не прыняў запрашэння Езуса і застаўся сам, бо “баласт яго жыцця трымаў яго ў порце”. “Часам мы думаем, што багацці – гэта скарб, а на самай справе яны проста цяжар, які скоўвае нас”, - адзначыў Пантыфік, заклікаўшы “даверыць Сэрцу Езуса ўсіх маркотных і нерашучых людзей, каб маглі адчуць на сябе любячы позірк Пана, Які з пяшчотай глядзіць на нашы сэрцы”.