Агульная аўдыенцыя: не пагарджаць вуснай малітвай
Ва ўступе Францішак падкрэсліў, што малітва – гэта дыялог з Богам, і ў пэўным сэнсе з Богам размаўляе кожнае стварэнне. “У чалавеку малітва становіцца словам, заклікам, спевам, паэзіяй... Божае слова стала целам, а ў целе кожнага чалавека слова вяртаецца да Бога ў малітве”, - дадаў ён.
Паводле Святога Айца, словы – гэта нашыя стварэнні. “Словы малітвы даюць магчымасць бяспечна прайсці праз цёмную даліну, скіроўваюць на зялёныя пашы, багатыя водамі, дазваляючы спажываць са стала на вачах ворага, як вучыць нас псальм (пар. Пс 23). Словы нараджаюцца з пачуццяў, хоць ёсць і адваротны шлях, на якім словы ствараюць пачуцці. Біблія вучыць чалавека рабіць так, каб усё выходзіла на святло праз слова, каб нічога чалавечага не было адчужана, цэнзуравана”, - сказаў Папа.
Папа заўважыў, што Святое Пісанне вучыць маліцца адважнымі словамі. “Святыя аўтары не ствараюць ілюзіі адносна чалавека: яны ведаюць, што ў яго сэрцы жывуць і не вельмі канструктыўныя пачуцці, нават нянавісць. Ніхто з нас не нараджаецца святым, а калі гэтыя кепскія пачуцці стукаюць у дзверы нашага сэрца, трэба ўмець абясшкодзіць іх праз малітву і Божае слова. У псальмах мы знаходзім вельмі суровыя словы, скіраваныя супраць ворагаў – выразы, якія духоўныя настаўнікі вучаць ужываць да д’ябла і нашых грахоў, – і тым не менш, гэта словы, якія належаць чалавечай рэчаіснасці і якія апынуліся ў Святым Пісанні. Яны знаходзяцца тут, каб засведчыць нам, што калі б перад абліччам насілля не было слоў, здольных абясшкодзіць кепскія пачуцці, накіроўваючы іх так, каб не рабілі шкоду, гэтымі пачуццямі быў бы напоўнены ўвесь свет”, - сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што першая малітва чалавека была вуснай. “Першымі заўсёды рухаюцца вусны. Нават калі мы ўсе ведаем, што малітва – гэта не проста вымаўленне слоў, вусная малітва з’яўляецца самай надзейнай і прыдатнай. Пачуцці, аднак, якім б шляхетнымі не былі, заўсёды няпэўныя: яны прыходзяць і знікаюць, пакідаюць нас і вяртаюцца. І не толькі яны. Таксама непрадказальнымі з’яўляюцца ласкі малітвы: часам яны багатыя суцяшэннем, а ў самыя цёмныя дні, здаецца, знікаюць. Малітва сэрца – таямнічая і часам схаваная. Вусная ж малітва, ціхая і супольная, заўсёды даступная і неабходная, як фізічная праца”, - заўважыў Пантыфік.
“Мы ўсе павінны мець пакору некаторых пажылых людзей, якія ў касцёле, магчыма, таму што іх слых ужо не дасканалы, напаўголаса прамаўляюць малітвы, якія вывучылі яшчэ ў маленстве, напаўняючы храм шэптам. Такая малітва не парушае цішыні і сведчыць пра вернасць абавязку малітвы, які няспынна рэалізуецца на працягу ўсяго жыцця. Гэтыя людзі пакорнай малітвы часта з’яўляюцца вялікімі заступнікамі парафій: яны – дубы, чые галіны з году ў год разрастаюцца, каб стварыць цень для ўсё большай і большай колькасці людзей. Толькі Бог ведае, калі і наколькі іх сэрцы былі з’яднаны з тымі малітвамі, якія яны прамаўлялі: безумоўна таксама і яны перажывалі ночы і моманты спустошанасці. Аднак, у вуснай малітве можна заставацца вернымі заўсёды”, - лічыць Папа.
Святы Айцец паставіў у прыклад пастаянства “рускага пілігрыма, пра якога кажа славуты духоўны трактат; ён засвоіў мастацтва малітвы, паўтараючы бясконцую колькасць разоў адзін і той жа заклік: “Езу Хрысце, Сыне Божы, Пане, змілуйся нада мною грэшным”.
“Калі на яго сышлі Божыя ласкі, калі аднойчы малітва стала такой гарачай, што дала магчымасць адчуць прысутнасць Валадарства тут і цяпер, між намі, калі яго позірк перамяніўся да такой ступені, што стаў як позірк дзіцяці, дык гэта таму, што ён быў настойлівым у паўтарэнні простага хрысціянскага закліку. Урэшце, гэтыя словы сталі часткай яго дыхання”, - звярнуў увагу Папа.
“Таму не варта пагарджаць вуснай малітвай”, - заклікаў Пантыфік. “Словы, якія прамаўляем, бяруць нас за руку, у пэўны момант вяртаюць нас смак, абуджаюць нават самае соннае сэрца, абуджаюць пачуцці, пра якія мы забыліся, і вядуць нас за руку да сустрэчы з Богам. І ў першую чаргу менавіта яны надзейным чынам скіроўваюць да Бога просьбы, якія Ён прагне пачуць. Езус не пакінуў нас у тумане. Ён сказаў нам: “Вы так маліцеся”, і навучыў малітве “Ойча наш” (пар. Мц 6,9), - завяршыў катэхезу Святы Айцец.