Папа на Анёл Панскі: Бога цікавіць усё ў нашым жыцці

Без Езуса "мы не столькі жывём, колькі проста існуём, бо толькі Ён корміць нашы душы", - сказаў Папа 8 жніўня 2021 г. у разважанні перад малітвай Анёл Панскі, якое пачулі вернікі, сабраныя на плошчы св. Пятра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Спасылаючыся на словы Хрыста: “Я ёсць хлеб жыцця”, Папа адзначыў, што “Езус аб’яўляе сябе як хлеб, як нешта істотнае, неабходнае для паўсядзённага жыцця”. Збаўца “корміць нашы душы”, “толькі Ён даруе нам тое зло, якое мы не можам пераадолець самі, толькі Ён прымушае нас адчуваць сябе любімымі, нават калі ўсе расчароўваюць, толькі Ён дае нам сілы любіць і прабачаць сярод цяжкасцей, толькі Ён дае сэрцу спакой, якога яно шукае, толькі Ён дае вечнае жыццё, калі жыццё на зямлі спыняецца”.

У словах “Я ёсць хлеб жыцця”, Езус падсумоўвае “ўсю сваю сутнасць і ўсю сваю місію”. Бо ён ведае, што “Айцец просіць Яго не толькі накарміць людзей, але даць сабе, паламаць сябе, сваё жыццё, сваё цела, сваё сэрца, каб мы мелі жыццё”. Гэтыя словы “нараджаюць у нас захапленне дарам Эўхарыстыі". “Ніхто ў гэтым свеце, як бы ён ні любіў іншага чалавека, не можа зрабіць сябе ежай для яго. Бог зрабіў гэта і працягвае рабіць гэта для нас”, - заўважыў Францішак.

Францішак падчас Анёл Панскі
Францішак падчас Анёл Панскі

Часам, аднак, словы Езуса абураюць людзей. “Магчыма, мы таксама збянтэжаны: Бог, Які знаходзіцца на нябёсах і не ўмешваецца ў наша жыццё, падыходзіць нам лепш, пакуль мы можам кіраваць сваімі справамі тут, на зямлі. Тым часам Бог стаў чалавекам, каб увайсці ў канкрэтнасць свету. І Яго цікавіць усё ў нашым жыцці. Мы можам расказаць Яму пра свае пачуцці, працу, дзень, усё. Езус хоча гэтай блізкасці з намі”, - сцвердзіў Папа. Ён дадаў, што Езус не жадае, каб Яго "прымалі легкадумна і пакідалі ў баку, або выклікалі толькі тады, калі Ён спатрэбіцца ".

Святы Айцец заахвоціў сем’і есці разам хаця б раз на дзень, запрашаць Езуса благаславіць тое, што зроблена, або не зроблена. “Давайце запросім Яго дадому, памолімся па-хатняму. Езус будзе з намі за сталом, і мы насыцімся больш дасканалай любоўю”, - заклікаў Францішак.
 

08 жніўня 2021, 13:34

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >