Пошук

Францішак: святы Юзаф вучыць любіць Касцёл

Значэнню тытула “Апякун Касцёла”, які крыху больш за 150 гадоў таму Пій IX надаў святому Юзафу, Францішак прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 16 лютага 2022 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Евангелле падкрэслівае, што святы Юзаф заўсёды рабіў тое, што ўказваў яму Бог, - нагадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што яго заданнем была абарона Езуса і Марыі. Юзаф быў іх галоўным апекуном: “Сапраўды, Езус і Марыя, Яго Маці, – гэта найкаштоўнейшы скарб нашай веры”, і гэты скарб абараняў святы Юзаф, - сказаў Папа, спасылаючыся на словы з Апостальскага ліста Patris corde.

“Таксама і “мы заўсёды павінны задаваць сабе пытанне, ці з усіх сілаў мы абараняем Езуса і Марыю, якія таямнічым чынам даручаны нашай адказнасці, нашаму клопату і апецы”, - сказаў Пантыфік. Ён дадаў, што хрысціяне пакліканы быць абаронцамі жыцця: свайго ўласнага, іншых людзей і жыцця Касцёла.

Францішак нагадваў, што Сын Найвышэйшага прыйшоў у свет у стане вялікай кволасці, хацеў быць абароненым і дагледжаным. “Бог даверыўся Юзафу, як зрабіла Марыя, знайшоўшы ў ім жаніха, які любіў і паважаў Яе, заўсёды клапаціўся пра Яе і Дзіцятка. У такім сэнсе “святы Юзаф не можа не быць Апекуном Касцёла, бо Касцёл з’яўляецца працягам цела Хрыста ў гісторыі, і адначасова мацярынства Марыі адлюстроўваецца ў мацярынстве Касцёла. Юзаф, аберагаючы Касцёл, не перастае абараняць Дзіця і Яго Маці, і мы таксама, любячы Касцёл, працягваем любіць Дзіця і Яго Маці”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа працытаваў словы Езуса: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40). “Таму кожны галодны і прагнучы, кожны чужынец, кожны мігрант, кожны чалавек, які не мае адзення, кожны хворы – гэта “Дзіця”, пра якое клапоціцца Юзаф”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы вучыцца ў святога Юзафа любіць людзей, якія патрабуюць дапамогі, любіць сакрамэнты і Божы народ, любіць бедных і ўласную парафію.

“Сёння і ва ўсе часы прынята крытыкаваць Касцёл, падкрэсліваць яго недахопы – якіх шмат, – грахі, якія, на самай справе нашы недахопы, нашы грахі, бо Касцёл спрадвеку з’яўляецца народам грэшнікаў, якія сустракаюць міласэрнасць Бога. Давайце зададзім сабе пытанне пра тое, ці любім мы Касцёл такім, якім ён ёсць”, - сказаў Папа. Ён заўважыў, што толькі любоў робіць нас здольнымі казаць усю праўду, быць бесстароннімі; казаць пра нязручныя факты, але, прызнаючы ўсё дабро і святасць, прысутныя ў Касцёле, пачынаючы менавіта ад Езуса і Марыі.

“Дарагія браты і сёстры, давайце будзем прасіць аб заступніцтве святога Юзафа ў самыя цяжкія моманты нашага жыцця і жыцця нашых супольнасцей”, - сказаў Пантыфік. Ён заклікаў прасіць святога Юзафа аб адвазе, неабходнай для таго, каб прызнаваць праўду, прасіць аб прабачэнні і з пакорай пачынаць новае жыццё, калі нашы памылкі становяцца прычынай скандалу.

“Там, дзе пераслед перашкаджае абвяшчэнню Евангелля, давайце будзем прасіць святога Юзафа аб сіле і цярплівасці, каб быць здольнымі зносіць злоўжыванні і пакуты з любові да Евангелля. Там, дзе нашы матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы з’яўляюцца абмежаванымі і прымушаюць спазнаць беднасць, асабліва калі мы пакліканы служыць апошнім, безабаронным, сіротам, хворым, адкінутым за борт грамадства, давайце будзем прасіць святога Юзафа, каб стаў Божым Провідам для нас. Колькі святых звярталіся да яго! Колькі людзей у гісторыі Касцёла знайшлі ў ім апекуна, абаронцу, бацьку!”, - сказаў Папа, заклікаючы наследаваць іх прыклад і маліцца праз заступніцтва святога Юзафа, асабліва за Касцёл, які пакутуе і падвяргаецца выпрабаванням.

Францішак завяршыў катэхезу, якая стала апошняй з цыкла, прысвечанага святому Юзафу, словамі малітвы з Апостальскага ліста Patris corde: “Вітай, апякун Адкупіцеля, абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі. Табе Бог даручыў свайго Сына; табе даверылася Марыя; з табой Хрыстус стаўся чалавекам. О святы Юзэфе, стань таксама айцом для нас і вядзі нас па жыццёвым шляху. Выпрасі для нас ласку, міласэрнасць і адвагу і барані нас ад усякага зла. Амэн”.

16 лютага 2022, 10:44

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >