Пошук

Францішак: моладзі патрэбна асабістае сведчанне веры пажылых

Катэхізацыя павінна прадугледжваць слуханне сведчання пажылых людзей, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 сакавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны старасці і пажылым людзям, Францішак спаслаўся на гімн-малітву, якую Майсей прамовіў перад смерцю, знаходзячыся на парозе абяцанай зямлі (Друг 32,3-4). Гаворка ідзе пра своеасаблівы духоўны запавет Патрыярха, найцудоўнейшае сведчанне і ясную перадачу спадчыны яго доўгага досведу жыцця і веры.

Пантыфік падкрэсліў, што старасць, якой даецца яснасць – гэта “каштоўны дар для наступнага пакалення”. “Неад’емным з'яўляецца асабістае і непасрэднае слуханне апавядання гісторыі пражытага жыцця, з усімі яго пад’ёмамі і падзеннямі. Чытаць пра яго ў кнігах, глядзець у фільмах, вывучаць у інтэрнэце – гэта не тое самае, наколькі б карысным не было”, - сказаў Папа, заўважаючы, што непасрэднай перадачы сведчання веры ўсё больш і больш не хапае новым пакаленням і яе не можа замяніць ніякі іншы сродак камунікацыі.

“Старац, які пражыў шмат гадоў, і атрымаў дар яснага і поўнага запалу сведчання сваёй гісторыі – гэта незаменнае благаслаўленне. Ці здольныя мы распазнаваць і ўшаноўваць гэты дар? Ці ідзем гэтым шляхам перадачы веры і сэнсу жыцця?”, - спытаў Святы Айцец. Ён прызнаўся, што нянавісці да вайны навучыўся менавіта дзякуючы свайму дзядулі, які расказваў яму пра жахі і пакуты першага сусветнага канфлікту.

Францішак заўважыў, што сёння назіраецца недаацэнка ролі гісторыі, а таксама недахоп запалу ў перадачы веры, уласцівага менавіта “перажытай гісторыі”. Такім чынам становіцца складана прывабіць моладзь “да абрання любові назаўсёды, вернасці дадзенаму словы, трываласці ў самапрысвячэнні, спагады да параненых і прыгнечаных”. “Вядома, гісторыя жыцця павінна перамяніцца ў сведчанне, а сведчанне павінна быць праўдзівым”, - сказаў Папа, папярэджваючы пра недапушчальнасць ідэалагічнага скажэння гісторыі і прапаганды, якая паказвае гісторыю аднабока.

“Евангеллі праўдзіва распавядаюць благаслаўлёную гісторыю Езуса, не хаваючы памылкі, непаразуменні і нават здраду вучняў. Гэта і ёсць сведчанне. Гэта дар памяці, які ад самага пачатку пераказваюць “старцы” Касцёла, перадаючы яго “з рук у рукі” наступнаму пакаленню. Будзе добра спытацца: наколькі мы цэнім такі спосаб перадачы веры, перадачу эстафетнай палачкі ад пажылых членаў грамадства да моладзі, якая адкрываецца на будучыню?”, - спытаў Пантыфік.

На думку Францішка, катэхезацыі, якая чэрпае з Божага слова і перадае дакладную інфармацыю аб догматах, маралі веры і сакрамэнтах, “часта не хапае праўдзівай гісторыі веры і жыцця хрысціянскай супольнасці, ад пачатку да нашых дзён”.

“Расповед гісторыі веры павінен быць як гімн Майсея, як сведчанне Евангелляў і Дзеяў Апосталаў, гэта значыць гісторыяй, здольнай нагадваць з узрушанасцю пра благаслаўленні Бога і з праўдзівасцю пра нашы недахопы. Было б цудоўна, калі б катэхетычныя праграмы, ад самага пачатку прадугледжвалі звычай слухаць жыццёвы досвед пажылых людзей, яснае вызнанне благаслаўленняў, атрыманых ад Бога, якія мы павінны захоўваць, а таксама паслухмянае сведчанне пра недахоп нашай вернасці, які мы павінны выпраўляць. Пажылыя людзі ўваходзяць у абяцаную зямлю, якой Бог жадае для кожнага пакалення, калі даюць моладзі сваё сведчанне, калі пераказваюць гісторыю веры... Тады, кіраваныя Панам Езусам, пажылыя і моладзь разам увойдуць у Яго Валадарства жыцця і любові...”, - запэўніў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.

23 сакавіка 2022, 10:56

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >