Пошук

Пантыфік: старасць можа быць часам духоўнага росквіту

Духоўная адчувальнасць пажылых людзей можа дапамагчы пераадолець канфлікт паміж пакаленнямі, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 30 сакавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны старасці, Францішак звярнуў увагу на духоўную адчувальнасць, уласцівую пажылым людзям. У якасці прыкладу ён указаў на сведчанне Сімяона і Ганны з Евангелля святога Лукі, адзіным сэнсам жыцця якіх было чаканне прыйсця Месіі, якога яны змаглі распазнаць у Дзіцятку Езусе.

Папа заўважыў, што вернасць у чаканні абвастрае пачуцці. “Старасць, так ці інакш, аслабляе адчувальнасць арганізма”, але “Святы Дух робіць больш вострымі пачуцці душы”, каб не прапусцілі моманту прыйсця Пана і былі яшчэ больш гатовымі прыняць Яго”, - запэўніў Пантыфік.

На думку Святога Айца, сёння як ніколі патрэбны пажылыя людзі, надзеленыя “духоўнымі пачуццямі і здольныя распазнаваць Божыя знакі, сапраўдны Божы знак, якім ёсць Езус”.

Ён заўважыў, што знікненне духоўнай адчувальнасці з’яўляецца “шырока распаўсюджаным сіндромам у грамадстве, якое культывуе ілюзію вечнай маладосці”, а “самая небяспечная рыса” гэтай з’явы заключаецца ў несвядомасці. Чалавек можа ігнараваць страту адчувальнасці душы на працягу доўгага часу, не заўважаць яе, не распазнаваць прысутнасць Бога ці прысутнасць зла: у выніку ён не разумее ні спагады, ні літасці, не адчувае ні сораму, ні згрызотаў сумлення, ні ўласнай адказнасці, ні болю за іншых.

Папа падкрэсліў, што “першай ахвяр гэтай згубы адчувальнасці” становяцца менавіта пажылыя людзі. “У грамадстве, якое адчувальнае толькі да задавальненняў, змяншаецца ўвага да ўразлівых і пераважые спаборніцтва пераможцаў”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што нават інклюзіўная рыторыка – рытуальная формула любога паліткарэктнага дыскурса – пакуль не прыносіць сапраўдным змен у практыку нармальнага суіснавання: “культура сацыяльнай пяшчоты прарастае з цяжкасцю”, а “дух агульначалавечага братэрства становіцца нібыта адзенем, якое больш не ўжываецца, на якое трэба толькі глядзець, як у музеі...”, - з жалем зазначыў Францішак.

Святы Айцец лічыць, што ў гэтым кантэксце важным з'яўляецца прыклад святых Сімяона і Ганны, “адчувальных да Духа”, якія распазналі ў Дзіцятку Езусе “надзейны знак візіту Бога” і пагадзіліся быць не галоўнымі дзеючымі асобамі, а ўсяго толькі сведкамі. Сімяон і Ганна адчулі монцае ўзрушанне і суцяшэнне, таму што “маглі ўбачыць і абвяшчаць тое, што гісторыя іх пакаленне не згубілася і змарнавалася”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што толькі духоўная сталасць можа даць такое пакорнае і асляпляльнае сведчанне, робячы яго аўтарытэтным і ўзорным для ўсіх. 

30 сакавіка 2022, 11:47

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >