Пошук

Папа: пашана да пажылых – адметная рыса цывілізацыі любові

Пашана – асаблівая форма вяртання любові, якую мы атрымалі ад пажылых, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 красавіка 2022 года ўпершыню з пачатку пандэміі прайшла на плошчы святога Пятра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу пашане да пажылых. Ён заўважыў, што раны старыкоў часта ўражваюць менш, чым цяжкія раны дзяцей і моладзі, успрымаюцца як нешта натуральнае, а часам нават выклікае раздражненне. Часта любоў да пажылых людзей слабейшая, чым любоў да маладога жыцця, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што Божае Аб’яўленне заахвочвае “шанаваць тых, хто папярэднічаў нам”.

Гэта “асаблівая любоў”, якая праяўляецца ў форме пашаны, што спалучае ў сябе ласкавасць і павагу, “замацавана пячаткай Божай запаведзі: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”. Гаворка ідзе пра папярэднія пакаленні, развітанне з якімі можа быць таксама павольным і працяглым, ствараючы час і прастору для доўгага суіснавання з людзьмі іншага ўзросту, - сказаў Францішак. Ён зазначыў, што “пашана” азначае “вяртанне любові людзям пажылога ўзросту” і перагукаецца клопатам пра іх “годнасць”.

Святы Айцец нагадаў, што не заўсёды пашана спадарожнічае клопату пра хворых, падтрымцы несамадастатковых людзей, забеспячэнню іх неабходным для жыцця. Пашаны не хапае ў фамільярных адносінах, калі замест далікатнасці і любові, ласкавасці і павагі, да чалавека ставяцца груба і нядбайна; калі папракаюць ці нават караюць за слабасць, быццам гэта правіна; калі неразуменне і разгубленасць старыкоў становяцца прычынай для насмешак і агрэсіі, а такія сітуацыі могуць узнікаць у сем'ях, у месцах аказання дапамогі, на працы і на вуліцах гарадоў.

Пантыфік зазначыў, што ўмацаванне ў моладзі пачуцця самадастатковасці, а часам і пагарды да пажылых людзей, да іх слабасцей і ўразлівасці, можа прыводзіць да жахлівых злоўжыванняў, як выпадкі, калі маладыя людзі падпальваюць коўдру бяздомнага на вуліцы, бо бачаць у ім усяго толькі “чалавечыя адкіды”. Гэта толькі “вяршыня айсбергу” – гаворка ідзе пра “пагарду да жыцця, якое, будучы далёкім ад прывабнасці і імпульсаў маладосці, здаецца жыццём, прызначаным для спісання ва ўтыль”, - дадаў Папа.

Францішка перакананы, што “пазбаўленне пашаны пажылога чалавека, ганьбіць усіх нас”. Ён падкрэсліў, што нягледзячы на ўсе матэрыяльныя рэсурсы, якія багатыя і добра арганізаваныя грамадствы накіроўваюць на клопат пра пажылых людзей – чым, бясспрэчна, можна ганарыцца, – “барацьба за вяртанне ім той асаблівай формы любові, якой ёсць пашана, яшчэ слабая і нясталая”.

“Мы павінны рабіць усё магчымае, каб падтрымаць яе і заахвочваць да яе, даючы найлепшую грамадскую і культурную падтрымку тым, хто адчувальны да гэтай важнейшай формы “цывілізацыі любові”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што гэта “не пытанне касметыкі ці пластычнай хірургіі”, а “пытанне пашаны, якая павінна змяніць выхаванне моладзі адносна жыцця і яго этапаў”, бо “пашана да пражытага жыцця, гэта не справа толькі пажылых людзей”.

Францішак заўважыў, што вяртанне пашаны пажылым дапаможа моладзі заззяць, праявіўшы свае найлепшыя якасці. “Няхай мудрасць Божага Духа дазволіць нам з неабходнымі сіламі адкрыць перспектыву гэтай сапраўднай культурнай рэвалюцыі”, - завяршыў сваю катэхезу Пантыфік.

20 красавіка 2022, 11:00

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >