Пошук

Святы Айцец: саюз паміж пакаленнямі адкрывае будучыню

Саюз паміж моладдзю і пажылымі людзьмі – гэта мост, праз які прыходзяць збаўленне і шчасце, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 красавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны старасці, Францішак засяродзіў увагу на Кнізе Рут – “біблійнай жамчужыне”, якая “паказвае прыгажосць сямейных повязяў, што ўзнікаюць у адносінах сужэнскай пары, але выходзяць за межы сужэнства”. Такія повязі “складаюць сямейную граматыку любові”, што нясе “жыццядайныя сокі і творчую мудрасць у суцэльнасць адносін, якія ўтвараюць грамадства”, - дадаў ён.

Кніга Рут, разам з Песняй песняў Саламона, з’яўляюцца нібыта дзвюма палавінкамі “дыптыха сужэнскай любові” – яна “таксама важная, таксама істотная, праслаўляе сілу і паэзію, якія павінны прысутнічаць у повязях пакаленняў, сваяцтва, самапрысвячэння і вернасці, што ахопліваюць усё сямейнае сузор’е” і “становяцца здатнымі, у драматычных перыпетыях жыцця пары, несці сілу няўяўнай любові, здольнай вяртаць надзею і будучыню”, - запэўніў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што “агульнапрынятыя стэрэатыпы адносна сямейных сувязяў, асабліва паміж свякроўю і нявесткай, супярэчаць гэтай перспектыве”, але “менавіта па гэтай прычыне Божае слова становіцца каштоўным”. “Натхненне, якое дае вера, можа адкрыць гарызонт сведчання насуперак самым распаўсюджаным забабонам”, - падкрэсліў ён, заклікаючы вернікаў адкрыць для сябе пасланне аб любові і сям’і, якое ўтрымліваецца ў Кнізе Рут.

“Гэта невялікая кніга таксама змяшчае ў сябе каштоўнае вучэнне аб саюзе паміж пакаленнямі: дзе маладосць аказваецца здольнай вярнуць энтузіязм старасці (...), там старасць выяўляецца здольнай зноў адкрыць будучыню для параненай маладосці”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ў Кнізе Рут распавядаецца гісторыя Наамі – пажылой жанчыны, якая пасля смерці мужа і двух сыноў, пажадала, каб яе аўдавелыя нявесткі-чужаземкі вярнуліся да свайго народу і пачалі будаваць новае жыццё. Але адна з іх – Рут – адмовілася ад гэтай шчодрай прапановы. “У некаторых выпадках схільнасць пажылых да песімізму патрабуе супраціву праз поўны любові напор маладых”, - заўважыў Папа.

“Насамрэч, Наамі, узрушаная адданасцю Рут, выйдзе са свайго песімізму і нават возьме ініцыятыву, каб адкрыць перад Рут новую будучыню”, - сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што Наамі заахвоціла сваю аўдавелую нявестку знайсці сябе новага мужа ў Ізраэлі – ім стаў Боаз, які прадэманстраваў сваю высакароднасць, абараніўшы Рут ад залежных ад яго людзей. “На жаль, такія пагрозы існуюць таксама і сёння”, - зазначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што вера і любоў дазваляюць пераадолець шматлікія цяжкасці і забабоны. “І ўсё гэта таму, што маладая Рут, старанна захоўвала вернасць повязям, якім пагражалі этнічныя і рэлігійныя забабоны”, а “пажылая Наамі ўзяла на сябе ініцыятыву, каб нанова адкрыць будучыню для Рут, замест таго, каб проста карыстацца яе падтрымкай”.

“Калі маладыя людзі адкрыюцца на ўдзячнасць за тое, што атрымалі, а пажылыя праявяць ініцыятыву, каб нанова адкрыць іх будучыню, тады нішто не зможа спыніць росквіт Божых благаслаўленне між народамі! Няхай Бог дазволіць нам стаць сведкамі і пасярэднікамі гэтага благаслаўлення!”, - пажадаў Францішак. Напрыканцы катэхезы ён заклікаў моладзь і пажылых людзей да дыялогу, адзначаючы, што дзякуючы гэтаму “масту”, які неабходна будаваць, будзе прыходзіць збаўленне і шчасце.

27 красавіка 2022, 10:55

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >