Пошук

Папа: навучыцца сведчыць пра Езуса нават у хваробе і старасці

Пра важнасць трывання ў наследаванні Пана, нягледзячы на абмежаванні выкліканыя старасцю, казаў Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая 22 чэрвеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец спаслаўся на размову Уваскрослага Хрыста са святым Пятром, пра якую евангеліст Ян распавядае напрыканцы свайго Евангелля (21,15-23). Падчас гэтага дыялогу Езус тройчы спытаўся ў Пятра: “Ці любіш ты Мяне”?, а потым адкрыў апосталу, якім будзе канец яго жыцця.

На думку Папы, у гэтай размове бачна “ўся любоў Езуса да сваіх вучняў”, а таксама Яго “вялікая чалавечнасць у адносінах з імі”. У сувязі з гэтым Францішак заклікаў вернікаў зрабіць рахунак сумлення і адказаць для сябе на пытанне пра тое, якімі з’яўляюцца іх адносіны з Панам: “адкрытымі, шчырымі, прамымі, па-чалавечы рэальнымі” або фармальнымі, а шлях веры занадта “абстрактным, самадастатковым і мірскім”?

Святы Айцец заўважыў, што дыскусія Езуса з Пятром датычыць старасці як часу сведчання. Насамрэч, Хрыстус папярэдзіў Пятра: “калі быў маладым – быў самадастатковым, але калі станеш старым, больш не будзеш гаспадаром над сабой і сваім жыццём. Таксама і твайму сведчанню будзе спадарожнічаць слабасць”.

Францішак патлумачыў, што гаворка ідзе пра патрэбу быць “сведкам Езуса нават у слабасці, хваробе і смерці”. Іншымі словамі, Хрыстус быццам хацеў сказаць, што Пётр, ідучы за Ім, павінен будзе пагадзіцца са сваёй слабасцю, немаччу, залежнасцю ад іншых, але працягваць вызнаваць веру.

“Гэта размова паміж Езусам і Пятром утрымлівае каштоўны ўрок для ўсіх вучняў, для ўсіх вернікаў, а таксама для ўсіх пажылых людзей”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што яна вучыць заставацца паслядоўнымі ў сведчанні, нават знаходзячыся ў такім стане, калі становімся ўжо вельмі залежнымі ад іншых.

Францішак заклікаў пажылых людзей паразважаць пра тое, ці маюць яны духоўнасць, здольную належным чынам інтэрпрэтаваць гэты перыяд ўласнага жыцця, пазначаны фізічнай слабасцю і згубай уласнай лідарскай ролі, і заставацца вернымі наследаванню Пана, вернымі любові, якую паабяцалі, справядлівасці, якой заўсёды шукалі.

Святы Айцец заўважыў, што старасць – гэта час выпрабавання, калі ўнікае “вельмі чалавечая”, але таксама “вельмі падступная” спакуса імкнення да захавання ўласнага лідарства. Аднак, пажылы чалавек павінен умець адыйсці на другі план, знайсці новы спосаб выражэння любові да Хрыста, удзелу ў жыцці сям’і, грамадства, кола сяброў, - лічыць Папа.

Пётр, калі ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, спытаўся: “Пане, а што з ім?”, маўляў, ці не павінен ён заняць маё месца? Хрыстус жа адказаў яму шчыра, але вельмі цвёрда: “Што табе да таго? Ты ідзі за мною”. “Пажылыя людзі не павінны зайздросціць маладым, якія становяцца на іх шлях, якія займаюць іх месца, якія перажывуць іх”, - заўважыў Пантыфік, дадаючы, што нават у перыяд бяздзейнасці, сузіраючы і слухаючы Божае слова, пажылыя адкрываюцца на “найлепшую частку”, якая ў іх не будзе адабрана ніколі.
 

22 чэрвеня 2022, 10:40

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >