Пошук

Святы Айцец: трэба разам і часта адведваць пажылых людзей

Добра, калі пажылыя яшчэ жывяць у сабе адказнасць за служэнне, перамагаючы спакусу адысці ў бок, - адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 чэрвеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У катэхезе Францішак спаслаўся на гісторыю пра аздараўленне цёшчы Пятра, калі яна, па словах евангеліста Марка, “ляжала ў гарачцы”. “Мы не ведаем ці гэта была лёгкая немач, але ў старасці нават простая прастуда можа быць небяспечнай. У старасці мы больш не ўладныя над нашым целам. Трэба навучыцца выбіраць, што рабіць і што не рабіць. Сілы слабнуць і пакідаюць нас, нават калі наша сэрца не перастае прагнуць. Таму трэба навучыцца ачышчаць прагненні: мець цярплівасць, выбіраць, што вымагаць ад цела і жыцця”, - дадаў ён.

Папа нагадаў, што хвароба абцяжарвае старасць па-іншаму і па-новаму, у параўнанні з тым, як гэта было ў маладым і дарослым узросце. “Яна быццам цяжкі ўдар, што абрынаецца і ў без таго складаны час. Хвароба пажылога чалавека здаецца прыспешвае смерць і змяншае час жыцця, які ўжо лічым дастаткова кароткім. Закрадваецца сумненне, што не ачуняем, што “цяпер захварэлі ў апошні раз”. Не атрымліваецца марыць і спадзявацца на будучыню, якая здаецца амаль няіснай”, - сказаў Святы Айцец, заўважаючы, што евангельская гісторыя пра аздараўленне Хрыстом цёшчы Пятра дапамагае нам спадзявацца і дае першы ўрок: “Езус не адведвае гэту пажылую хворую жанчыну сам, але прыходзіць разам з вучнямі”.

“Менавіта хрысціянская супольнасць абавязана клапаціцца пра пажылых: сваякоў і сяброў. Трэба, каб пажылых адведвала шмат людзей, разам і часта. Мы ніколі не павінны забываць гэтыя тры радкі Евангелля. Асабліва сёння, калі колькасць пажылых значна ўзрасла. Мы павінны адчуваць адказнасць за адведванне старыкоў, якія часта з’яўляюцца самотнымі, і заносіць іх да Пана ў нашай малітве. Сам Езус вучыць нас любіць іх”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што “грамадства з’яўляецца па-сапраўднаму адкрытым на жыццё, калі прызнае яго каштоўным нават у старасці, няпоўнаспраўнасці, цяжкай хваробе і згасанні”. “Езус, калі ўбачыў пажылую хворую жанчыну, узяў яе за руку і аздаравіў, зноў паставіўшы яе на ногі. Езус, гэтым сваім ласкавым жэстам любові, дае першы ўрок вучням: збаўленне абвяшчаецца – ці лепш – перадаецца, – праз увагу да гэтага хворага чалавека; а вера гэтай жанчыны ззяе ва ўдзячнасці за ласкавасць Бога, што пахілілася над ёй”, - падкрэсліў Папа.

Калі першы ўрок нам дае Езус, то другі ўрок – сама пажылая жанчына, якая ўстала і пачала прыслужваць. “Нават у старасці можна, больш за тое, трэба служыць супольнасці. Добра, калі пажылыя яшчэ жывяць у сабе адказнасць за служэнне, перамагаючы спакусу адысці ў бок. Пан не спісвае іх ва ўтыль: наадварот, вяртае ім сілу для служэння”, - сказаў Пантыфік, заўважаючы, што ў апавяданні евангелісты не робяць на гэтым нейкага асаблівага акцэнту, быццам гаворка ідзе пра звычайныя паводзіны людзей, якія ідуць за Хрыстом.

“Калі б пажылыя, замест таго, каб быць адчужанымі і прыбранымі з арэны падзей, што пазначаюць жыццё супольнасці, былі б змешчаны ў цэнтр калектыўнай увагі, яны атрымалі б стымул выконваць каштоўнае служэнне ўдзячнасці Богу, які не забывае нікога. Удзячнасць пажылых людзей за дары, атрыманыя ад Бога ў іх жыцці – як вучыць нас цёшча Пятра – вяртае супольнасці радасць быцця разам і надае веры вучняў важнейшую рысу яе прызначэння”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што дух заступніцтва і служэння, гэта справа не толькі жанчын, але таксама і мужчын. Ён заўважыў, што асаблівая далікатнасць Езуса, які “ўзяў за руку” цёшчу Пятра і “ласкава пахіліўся” над ёй, “ад самага пачатку выразна паказвае Яго асаблівую адчувальнасць да слабых і хворых, якой Божы Сын без сумневаў навучыўся ў сваёй Маці”.
 

15 чэрвеня 2022, 10:33

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >