Папа: маргіналізацыя старасці шкодзіць усім перыядам жыцця
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны пажылому ўзросту, Францішак спаслаўся на “прыгожую малітву старца”, змешчаную ў 71 псальме. Ён звярнуў увагу на цяжкія выпрабаванні, уласцівыя гэтаму перыяду жыцця, а таксама на іх значэнне для годнага перажывання веры і надзеі. Пажылы ўзрост часта звязаны з досведам чалавечай слабасці, кволасці і безабароннасці, а старых людзей нярэдка пакідаюць, падманваюць, абяздольваюць і абражаюць, - нагадаў Святы Айцец.
“Не існуе недапоху ў людзях, якія выкарыстоўваюць пажылых людзей, каб падмануць іх або запалохаць тысячамі спосабаў. Мы часта чытаем у газетах ці чуем навіны пра пажылых людзей, якіх бессаромна падманулі, каб завалодаць іх ашчаджэннямі; якіх пакінулі без абароны і клопату; якіх абразілі рознымі формамі пагарды і запалохалі, каб яны адмовіліся ад сваіх правоў. Такія жахлівыя рэчы здараюцца нават у сям’і”, - з жалем канстатаваў Пантыфік.
Папы нагадаў, што грамадства павінна клапаціцца пра сваіх старыкоў, колькасць якіх расце і якія часта становяцца ўсё больш і больш пакінутымі. “Калі чуем пра пажылых людзей, якіх пазбавілі іх аўтаномнасці, іх бяспекі, нават іх жылля, тады разумеем, што амбівалентнасць сучаснага грамадства ў адносінах да пажылога ўзросту, гэта не пытанне выпадковых крайніх сітуацый, але рыса культуры адчужэння, што атручвае свет, у якім жывём”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што пажылыя людзі часта не толькі губляюць годнасць, але нават пачынаюць сумнявацца ў тым, ці варта ім працягваць існаванне. У выніку “мы ўсе сустракаемся са спакусай хаваць нашу ўразлівасць, хаваць нашу хваробу, наш узрост, нашу старасць, бо баімся, што яны стануць пачаткам згубы нашай годнасці”.
“Як магчыма, што сучасная цывілізацыя, такая развітая і эфектыўная, з’яўляецца настолькі бязраднай у адносінах да хваробы і старасці? Як магчыма, што палітыка, якая так шмат займаецца вызначэннем межаў годнага выжывання, адначасова з’яўляецца неадчувальнай да годнасці поўнага любові суіснавання са старымі і хворымі?”, - спытаў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што пажылыя людзі, якія бачаць сваю старасць як паразу, павінны адкрыць для сябе давер да Бога. Ён працытаваў словы святога Аўгустына, які казаў, што менавіта “тады будзе ў цябе сіла Яго [Бога], калі пазбавішся сілы тваёй”.
“Сорам павінен пасці на тых, хто карыстаецца слабасцю хворых і пажылых людзей. Малітва, аднак, абнаўляе ў сэрцы пажылога чалавека абяцанне Божай вернасці і благаслаўлення. Пажылы чалавек нанова адкрывае для сябе малітву і сведчыць пра яе сілу”, - нагадаў Пантыфік.
На думку Святога Айца, пажылыя, у сілу сваёй слабасці, могуць навучыць людзей, якія перажываюць іншы жыццёвы перыяд, давераць Пану і прасіць Яго дапамогі. “У такім сэнсе, мы ўсе павінны навучыцца ад пажылых: насамрэч, дарам з’яўляецца старасць, якая разумеецца як адданне сябе пад апеку іншым, пачынаючы ад самаго Бога”, - дадаў Францішак.
Пантыфік перакананы, што існуе “ўрок слабасці”, які пажылыя людзі могуць даць усім: ён адкрывае ключавую перспектыву для рэформы нашай цывілізацыі – неадм’емнай рэформы, якая пойдзе на карысць суіснавання ўсіх. У той жа час Святы Айцец папярэдзіў, што “маргіналізацыя старасці” аказвае кепскі ўплыў “на ўсе іншыя перыяды жыцця, не толькі пажылы”. “Старасць прыходзіць да ўсіх”, - нагадаў Папа, заклікаючы адносіцца да пажылых людзей так, як хочам, каб да нас адносіліся ў старасці.