Пошук

Францішак: старасць – спрыяльны час для сведчання чакання Пана

Старасць, пражытая ў чаканні Пана, можа стаць споўненай “апалогіяй” веры, - адзначыў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 10 жніўня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны пажылому ўзросту, Францішак прапанаваў паразважаць пра старасць у святле развітальнай прамовы Езуса, Які суцяшаў вучняў, кажучы: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае”, а таксама паабяцаў ім: “Калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я” (Ян 14,1.3).

Пантыфік зазначыў, што “старасць – гэта спрыяльны час для кранальнага і радаснага сведчання” чакання Хрыста. І нават калі ў пажылым узросце “справы веры, якія набліжаюць нас і іншых да Божага Валадарства”, губляюць “сілу энергіі, слоў, запалу, уласцівую маладосці і сталасці”, але менавіта яны “робяць яшчэ больш выразным абяцанне сапраўднага прызначэння жыцця: месца за сталом з Богам, у Божым свеце”.

“Было б цікава паглядзець ці існуюць у мясцовых Касцёлах нейкія канкрэтныя ініцыятывы, прызначаныя адрадзіць гэта асаблівае служэнне чакання Пана, падтрымліваючы індывідуальныя харызматы і грамадскія якасці пажылой асобы”, - прапанаваў задумацца Папа.

Францішак нагадаў, што старасць, якая пражываецца ў смутку па страчаных магчымасцях, нясе смутак і сябе, і іншым. Аднак, калі яна перажываецца з павагай да рэальнага жыцця, канчаткова разбурае памылковае ўяўленне пра чалавечыя сілы, як неабходныя толькі для саміх сябе і ўласнага поспеху, а таксама пра Касцёл, дапамагаючы яму не прыстасоўвацца да гэтага свету, думаючы, што такім чынам можна дасягнуць дасканаласці і рэалізацыі.

“Наша жыццё не прызначана для таго, каб закрыцца ў сабе, ва ўяўнай зямной дасканаласці: яно прызначана сягаць далей, прайсці праз смерць. Насамрэч, наша надзейнае месца, наш пункт прыбыцця знаходзіцца не тут, а побач з Панам, дзе Ён прабывае вечна”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што “на зямлі распачынаецца працэс нашага “навіцыяту”: мы вучні жыцця, якія – пасярод тысяч цяжкасцей – вучацца цаніць Божы дар, з гонарам і адказнасцю дзяліцца ім і рабіць так, каб ён прыносіў плёны для ўсіх”. На думку Святога Айца, саманадзейнае жаданне спыніць час – прагненне вечнай маладосці, бязмежнага дабрабыту, абсалютнай улады – не толькі немагчымае, яно – абсурднае.

“Наша існаванне на зямлі – гэта час уваходу ў жыццё, якое знаходзіць спаўненне выключна ў Богу... У старасці мы канчаткова пазнаем сэнс часу і абмежаванні месца, у якім перажываем нашу ініцыяцыю”, - сказаў Папа. Францішак заўважыў, што Пан заклікае радавацца прамінанню часу, якое не з'яўляецца пагрозай, а абяцаннем, таму што “Божы свет – гэта бясконцая прастора, над якой мінанне часу больш не мае ўлады”.

“Дарагія браты і сёстры, старасць, пражытая ў чаканні Пана, можа стаць споўненай “апалогіяй” веры, якая дае кожнаму адказ пра нашу надзею (пар. 1П 3,15). Старасць робіць зразумелым абяцанне Езуса, скіроўваючыся да Святога горада, пра які кажа кніга Апакаліпсіса. Старасць з’яўляецца найбольш адпаведным жыццёвым этапам для пашырэння радаснай навіны пра тое, што жыццё – гэта ўваход у канчатковае спаўненне. Лепшае яшчэ наперадзе: вось пасланне пажылых людзей. Няхай Бог дасць нам старасць, здольную на гэта!”, - пажадаў на завяршэнне катэхезы Пантыфік.
 

10 жніўня 2022, 10:54

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >