Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE

Папа: духоўная спустошанасць можа стаць нагодай для росту

Спустошанасць дае нам магчымасць пачаць больш сталыя, больш прыгожыя адносіны з Панам і з блізкімі, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 лістапада 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны духоўнаму распазнаванню, засяродзіўшы ўвагу на стане спустошанасці, “калі ў сэрцы ўсё цёмна, сумна”, які “можа стаць магчымасцю для росту”. “Сапраўды, калі няма крыху незадаволенасці, здаровага смутку, здаровай здольнасці жыць у адзіноце, быць з сабой, не ўцякаючы, мы рызыкуем заўсёды заставацца на паверхні рэчаў і ніколі не ўступіць у кантакт з цэнтрам нашага існавання”, - сказаў ён.

Папа зазначыў, што спустошанасць спрыяе пільнасці і пакоры, бароніць ад ветру капрызу. “Гэта неабходныя ўмовы для развіцця ў жыцці, а значыць, таксама і ў духоўным жыцці”, бо ідэальны, але “асептычны” спакой, калі становіцца крытэрыем рашэнняў і паводзін, робіць нас “бесчалавечнымі, абыякавымі да пакут іншых і няздольнымі прыняць свае”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што “дасканалага спакою” нельга дасягнуць шляхам абыякавасці. “Для многіх святых мужчын і жанчын неспакой быў вызначальным штуршком да змены жыцця”, - сказаў ён, ставячы ў прыклад Аўгустына з Гіпона, Эдыту Штайн, Джузэпэ Бэнэдэта Каталенгу, Шарля дэ Фуко.

“Спустошанасць – гэта таксама запрашэнне да бескарыслівасці, а не дзейнічаць заўсёды і толькі дзеля эмацыйнага задавальнення. Спустошанасць дае нам магчымасць узрастаць, пачынаць больш сталыя, больш прыгожыя адносіны з Панам і з блізкімі, адносіны, якія не зводзяцца да простага абмену: даваць і мець. Давайце падумаем пра сваё дзяцінства. У маленстве часта бывае так, што мы шукаем бацькоў, каб атрымаць ад іх што-небудзь, цацку, грошы, каб купіць марозіва, дазвол... І таму мы шукаем іх не дзеля іх саміх, а дзеля выгады. Але самы вялікі падарунак – гэта яны, бацькі, і мы гэта паступова разумеем, сталеючы”, - сказаў Папа.

Святы Айцец зазначыў, што нават многія нашы малітвы крыху з’яўляюцца такімі: гэта просьбы аб ласках, скіраваныя да Пана, без усялякай сапраўднай цікавасці да Яго. “У Евангеллі адзначаецца, што Езус часта быў акружаны мноствам людзей, якія шукалі Яго, каб атрымаць што-небудзь: аздараўленне, матэрыяльную дапамогу, але не для таго, каб проста быць з Ім. Яго сцісклалі натоўпы, але Ён быў адзін. Некаторыя святыя і нават некаторыя мастакі разважалі над гэтым станам Езуса”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на тое, што “можа здацца дзіўным, нерэальным, спытаць Пана: “Як справы?”, але “гэта вельмі добры спосаб увайсці ў сапраўдныя, шчырыя адносіны з Яго чалавечнасцю, з Яго пакутамі, нават з Яго асаблівай адзінотай: з Ім, які хацеў цалкам падзяліцца з намі сваім жыццём”. “Нам вельмі карысна навучыцца быць з Ім, навучыцца быць з Панам без іншай мэты, дакладна як гэта бывае з людзьмі, якіх мы любім: мы хочам пазнаваць іх усё больш і больш, таму што быць з імі прыемна”, - дадаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, духоўнае жыццё – гэта не тэхніка, якая знаходзіцца ў нашым распараджэнні, гэта не праграма ўнутранага “дабрабыту”, якую мы самі павінны наладзіць. Не. Духоўнае жыццё – гэта адносіны з Жывым, з Богам, якія не зводзяцца да нашых катэгорый. Такім чынам, спустошанасць з’яўляецца найбольш ясным адказам на абвінавачванне ў тым, што пазнанне Бога – гэта форма ўнушэння, простая праекцыя нашых жаданняў... У такім выпадку мы б заўсёды самі праграмавалі яе, заўсёды былі б шчаслівыя і задаволеныя, як пласцінка, якая паўтарае тую ж самую мелодыю. Наадварот, тыя, хто моліцца, разумеюць, што вынікі непрадказальныя”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што перажыванні і ўрыўкі з Бібліі, якія часта ўзрушвалі нас, сёння, як ні дзіўна, могуць не выклікаць ніякага энтузіязму. “І гэтак жа нечакана, перажыванні, сустрэчы і чытанні, якіх мы ніколі не заўважалі або якіх хацелі б пазбегнуць, як, напрыклад, досвед крыжа, прыносяць бязмежны супакой. Не бойцеся спустошанасці, перажывайце яе з настойлівасцю, не ўцякайце і шукайце ў ёй сэрца Хрыста, шукайце Пана, а адказ прыйдзе заўсёды”, - запэўніў ён.

“Таму перад абліччам цяжкасцей ніколі не падайце духам, але рашуча адказвайце на выпрабаванне з дапамогай Божай ласкі, у якой у нас ніколі не будзе нястачы. І калі мы пачуем у сабе настойлівы голас, які хоча адцягнуць нас ад малітвы, давайце навучымся выкрываць яго як голас спакусіцеля; і не дазволім яму падмануць нас: будзем проста рабіць супрацьлеглае таму, што ён кажа нам!”, - параіў Святы Айцец на заканчэнне катэхезы.

16 лістапада 2022, 10:17

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031