Францішак: шукаць новыя спосабы абвяшчэння Евангелля
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці і апостальскаму запалу. Ён нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор паказаў Касцёл, як пілігрымуючы ў часе Божы народ, які па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным. Пантыфік падкрэсліў, што “евангелізацыя заўсёды з’яўляецца касцёльным служэннем”, яна ніколі не можа быць адзіночнай, ізаляванай або індывідуалістычнай дзейнасцю, бо “евангелізатар заўсёды перадае тое, што атрымаў сам”.
Святы Айцец адзначыў, што “эклезіальнае вымярэнне евангелізацыі” з’яўляецца крытэрыем ацэнкі апостальскай руплівасці. Ён папярэдзіў, што заўсёды існуе спакуса ісці наперад “у адзіночку”, або ісці “больш лёгкімі шляхамі, мірской логікай лічбаў і апытанняў, пакладаць давер на моц нашых ідэй, праграм, структур ці “значных знаёмстваў””.
Францішак адзначыў актуальнасць вучэння Другога Ватыканскага Сабора, прапанаваўшы перачытаць некаторыя часткі дэкрэта Ad gentes, прысвечанага місійнай дзейнасці Касцёла, у якім падкрэсліваецца, што любоў Айца скіравана да кожнага чалавека.
Пантыфік падкрэсліў, што місія Касцёла павінна быць працягам місіі Хрыста ў плане “маніфестацыі Божага плана, або Эпіфаніі, i ў поўным яго здзяйсненні ў свеце і яго гісторыі” (AG, 9), а ўдзельнічаць у гэтай місіі пакліканы кожны ахрышчаны.
“Місійны запал верніка выяўляецца таксама ў творчым пошуку новых шляхоў прапаведвання і сведчання, новых шляхоў сустрэчы з параненым чалавецтвам, якое ўзяў на сябе Хрыстус. Адным словам, новых спосабаў служэння Евангеллю і чалавецтву”, - сцвердзіў Папа, падкрэсліваючы, што евангелізацыя – гэта менавіта служэнне, якое здзяйсняецца дзеля дабра іншых людзей.
Францішак заўважыў, што зварот да любові Айца і місіі Сына і Духа Святога не павінен закрываць нас “у прасторы статычнага асабістага спакою”. “Наадварот, гэта павінна весці нас да прызнання бескарыслівасці дару паўнаты жыцця, да якога мы пакліканы, дару, за які мы ўзносім хвалу і падзяку Богу. Гэты дар не прызначаны выключна для нас, але быў дадзены для таго, каб дарыць яго іншым, а таксама, каб усё больш поўна жыць тым, што атрымалі, дзелячыся ім з бліжнімі, з пачуццём адказнасці і разам ідучы шляхамі гісторыі, часта пакутнымі і цяжкімі, у пільным і дзейсным чаканні яго спаўнення”, - сказаў Пантыфік.
“Давайце прасіць Пана аб ласцы прыняцця гэтага хрысціянскага паклікання, давайце будзем дзякаваць Пану за тое, што Ён даў нам гэты скарб, і будзем імкнуцца перадаваць яго іншым”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.