Пошук

Пантыфік: манахі і манахіні малітвай дапамагаюць місіі Касцёла

Манахі і манахіні, якія адракаюцца ад сябе і ад свету, каб ісці за Езусам шляхам беднасці, чыстасці і паслухмянасці, а таксама, каб заступацца за ўсіх, даюць нам сведчанне апостальскай руплівасці, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 красавіка 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнаму запалу, звярнуўшы ўвагу на сведчанне манахаў і манахінь, якія прысвячаюць сваё жыццё малітве.

“Іх жыцці кажуць самі за сябе, але мы не можам не спытацца: як могуць людзі, якія жывуць у кляштарах, дапамагаць распаўсюджваць Евангелле? Ці не лепш было б накіраваць сваю энергію на місіянерскую дзейнасць, выйшаўшы з манастыроў і прапаведваючы Евангелле звонку?”, - прапанаваў паразважаць Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што, насамрэч, манаскія асобы – гэта “сэрца, што б’ецца” ў абвяшчэнні Евангелля: “іх малітва – гэта кісларод для ўсіх членаў Хрыстовага Цела” і “нябачная сіла, якая падтрымлівае місійную дзейнасць”. “Невыпадкова апякункай місій з’яўляецца законніца, святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса”, - сказаў Францішак, нагадваючы словы гэтай святой: “У сэрцы Касцёла, Маці маёй, я буду любоўю”.

Папа падкрэсліў, што члены сузіральных ордэнаў, манахі і манахіні – гэта людзі, якія моляцца і працуюць у цішыні дзеля ўсяго Касцёла, што з’яўляецца выразам любові. “Гэта любоў да ўсіх натхняе жыццё манаскіх асобаў і выражаецца ў іх малітве заступніцтва”, - сказаў Пантыфік, прыводзячы ў прыклад іншага святога: Грыгорыя з Нарэка – Доктара Касцёла, армянскага сярэднявечнага манаха, які правёў усё жыццё ў кляштары, спасцігаючы глыбіні чалавечай душы, і пакінуўшы пасля сябе зборнік малітваў, што лічыцца вяршыняй армянскай літаратуры і духоўнасці.

“Аспект, які найбольш уражвае ў ім – гэта ўсёахопная салідарнасць, якую ён выражаў. У манахах і манахінях прысутнічае ўсёахопная салідарнасць: усё, што здараецца ў свеце, знаходзіць месца ў іх сэрцах”, - сцвердзіў Пантыфік, параўноўваючы сэрцы манаскіх асобаў з “антэнамі”, якія ўлаўліваюць усе здарэнні свету і моляцца аб вырашэнні гэтых сітуацый, жывучы, такім чынам, у еднасці з Богам і ўсімі людзьмі. “Гэта, як рабіў Езус: яны бяруць на сябе праблемы свету, цяжкасці, хваробы, іншыя сітуацыі і моляцца за іх”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што манахі і манахіні аплакваюць грахі людзей і заступаюцца за іх у малітве, узносячы свае сэрцы і рукі да Бога, і будучы, такім чынам, сапраўднай сілай Касцёла, якая дазваляе яму ісці наперад. Яны евангелізуюць свет сваім заступніцтвам, - дадаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў па-магчымасці адведаць які-небудзь кляштар, дзе людзі заўсёды заняты малітвай і працай. “Няхай Пан дасць нам новыя кляштары, няхай дасць нам манахаў і манахінь, якія будуць сваім заступніцтвам дапамагаць Касцёлу ісці наперад”, - завяршыў катэхезу Папа.
 

26 красавіка 2023, 10:51

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >