Анёл Панскі: Езус – не ўспамін з мінулага, а Бог сучаснасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?” – гэта пытанне, якое Езус задаў сваім вучням, сёння можа быць скіравана да кожнага з нас, - падкрэсліў Пантыфік, каментуючы літургічны евангельскі ўрывак на ХХІ Звычайную нядзелю.
Францішак зазначыў, што ў большасці людзі добра думаюць пра Хрыста, лічаць Яго “вялікім настаўнікам”, выключнай асобай: “добрай, справядлівай, паслядоўнай, мужнай”. Але гэтага не дастаткова для таго, каб зразумець кім з’яўляецца Езус, а ў першую чаргу, не дастаткова самаму Хрысту. Таму Ён адразу спытаўся ў вучняў: “А вы кім лічыце Мяне?”, і пытаецца ў нас: “Хто Я для вас, сёння?”. “Езус не хоча быць галоўным героем гісторыі, але твайго сёння; не далёкім прарокам, але блізкім Богам!”, - сцвердзіў Папа.
Пантыфік зазначыў, што Хрыстус – “гэта не ўспамін з мінулага, але Бог сучаснасці”. Калі б Ён быў толькі гістарычнай постаццю, наследаваць Яго было б немагчыма, бо мы б апынуліся перад “Яго прыкладам, які быццам высачэзная і недасягальная гара; мы хацелі б на яе ўзняцца, але не маем для гэтага здольнасцей і неабходных сродкаў”.
Аднак, Езус – жывы і суправаджае нас, Ён – поруч з намі, дае нам сваё Слова і сваю ласку, якія асвятляюць і падтрымліваюць на шляху. Хрыстус спадарожнічае нам на самых складаных сцежках, таму мы не самотныя ў жыцці. Езус – не старажытны герой, але той, хто прыйшоў, каб “раздзяліць радасці і цяжкасці нашага шляху”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Давайце не будзем апускаць рукі, калі часам вяршыня хрысціянскага жыцця здаецца нам занадта высокай, а дарога занадта крутой. Давайце будзем глядзець на Езуса, які ідзе побач з намі, які прымае нашы слабасці, раздзяляе нашы намаганні і кладзе сваю моцную і пяшчотную руку на нашы слабыя плечы. Калі Ён побач з намі, таксама і мы працягваем руку адзін аднаму і аднаўляем давер: разам з Езусам тое, што здаецца немагчымым ў адзіночку, больш не з’яўляецца такім”, - запэўніў Папа.
Пантыфік прапанаваў кожнаму адказаць на пытанне Езуса: “А вы кім лічыце Мяне?”, запытацца ў сябе пра тое, кім з’яўляецца Хрыстус для нас: “вялікім персанажам, кропкай апоры, недасягальным прыкладам”, ці Панам, які можа прывесці мяне да вяршыняў святасці, “куды ў адзіночку дайсці не змагу?”. “Ці сапраўды Езус жывы ў маім жыцці, ці сапраўды з’яўляецца маім Панам? Ці давяраю Яму ў цяжкія моманты? Ці клапачуся пра Яго прысутнасць праз Слова і сакрамэнты? Ці дазваляю Яму весці мяне, разам з маімі братамі і сёстрамі, у супольнасці?”, - заклікаў паразважаць Святы Айцец.